Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пастанова Канстытуцыйнага суду Беларусі пра неадпаведнасьць некаторых палажэньняў закону "Аб карце паляка" міжнародным нормам ацанілі як абсурднае, назвалі яго чарговым крокам у прапагандысцкай вайне Менску супраць Варшавы і выказалі асьцярогу, што беларускія ўлады ўзмоцняць ціск на польскую меншасьць.

Прэсавы сакратар МЗС Польшчы Марцін Басацкі ў сувязі з учарашнім рашэньнем Канстытуцыйнага суду Беларусі заявіў, што закон "Аб карце паляка" не накіраваны супраць якой-колечы іншай краіны, і выказаў упэўненасьць, што ніякага юрыдычнага ўплыву рашэньне Канстытуцыйнага суду мець ня будзе:

"Беларускія судовыя ацэнкі не паўплываюць на зьмест польскага закону. "Карта паляка" як дзейнічала, так і будзе дзейнічаць".

Паводле спадара Басацкага, закон "Аб карце паляка", які ўступіў у сілу тры гады таму, перад прыняцьцем разглядаўся міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку АБСЭ:

"АБСЭ ацаніла, што няма ў польскай "карце" нічога, што супярэчыла б дэмакратычным прынцыпам".

Польскія экспэрты выказваюць неразуменьне самога факту прыняцьця падобнага судовага рашэньня ў Беларусі. Гаворыць экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы:

Каміль Клысінскі
"Ніякіх юрыдычных наступстваў такое рашэньне напэўна мець ня можа. Гэта сапраўды абсурдная прававая сытуацыя — суд адной дзяржавы разглядае закон другой дзяржавы на адпаведнасьць міжнародным нормам. Мне цяжка ўявіць аналягічную сытуацыю дзе-небудзь на сьвеце. Такім чынам, гэта нішто іншае, як кур'ёз".

Спадар Клысіньскі разглядае гэтае рашэньне суду ў Менску як палітычны крок беларускіх уладаў, які ўпісваецца ў іхнія прапагандысцкія дзеяньні супраць Польшчы.

"Гэта адказ на крытыку Польшчы адносна падзеяў, якія мелі месца ў Беларусі пасьля 19 сьнежня. З гэтага пункту гледжаньня зразумела, што атакаваны крытыкай рэжым бароніцца".

Адзіным магчымым наступствам рашэньня КС Беларусі спадар Клысіньскі называе магчымасьць узмацненьня рэпрэсіяў беларускіх уладаў супраць польскай нацыянальнай меншасьці і, у прыватнасьці, не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі.

Сьвежы прыклад такіх рэпрэсіяў — арышт журналіста "Газэты Выборчай" Андрэя Пачобута і крымінальная справа, заведзеная супраць яго за абразу Лукашэнкі. За гэтым выпадкам у Польшчы ўважліва сочаць, кажа экспэрт польскага ўрадавага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі:

"Андрэя Пачобута ўжо ня раз арыштоўвалі, ягоная дзейнасьць у Беларусі, і, у прыватнасьці, праца ў "Газэце Выборчай", ягоныя артыкулы — дастаткова крытычныя адносна беларускіх уладаў, і гэта выклікае раздражненьне афіцыйнага Менску… Гэта сталая праблема ў польска-беларускіх адносінах. І ня толькі пра самога Андрэя тут гаворка, бо праблема нашмат шырэйшая".

Польскі экспэрт Каміль Клысінскі, тым ня меней, ня лічыць, што цяперашнія праблемы ў двухбаковых дачыненьнях Польшчы і Беларусі немагчыма вырашыць:

"Беларускія ўлады ведаюць чаканьні Эўразьвязу, а Польшча — сябра ЭЗ, і яна ўпісваецца ў такія чаканьні. Галоўнае зь іх — гэта безумоўнае, падкрэсьлю, безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў. Выкананьне такіх чаканьняў дазволіць пачаць перамовы пра далейшы дыялёг. Сытуацыя тут ясная".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG