Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Белнафтахім" апраўдваецца за падвышэньне цэнаў на паліва


Павышэньне коштаў паліва на ўнутраным рынку Беларусі абумоўленае падаражэньнем сыравіны і дысбалянсам коштаў з суседнімі краінамі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 8 красавіка прэсавым рэлізе канцэрну "Белнафтахім".

"Цяпер ва ўмовах імклівага росту кошту вуглевадароднай сыравіны на ўсясьветных рынках адзначаецца хуткае павышэньне цэнаў на нафтапрадукты ў сумежных зь Беларусьсю дзяржавах. Дысбалянс цэнаў спрыяе пастаяннаму вывазу нафтапрадуктаў у суседнія краіны", — адзначаецца ў заяве канцэрну.

Перавышэньне цэнаў на нафтапрадукты ў дзяржавах Балтыі і Польшчы над цэнамі ў Беларусі па асобных відах на сярэдзіну сакавіка складала больш як 90%, ва Ўкраіне — ад 7 да 20%.

"Улічваючы ўсе згаданыя акалічнасьці, канцэрн "Белнафтахім" вымушаны рабіць захады для выраўноўваньня дысбалянсу цэнаў і павышэньня эфэктыўнасьці дзейнасьці НПЗ пры рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку. У адпаведнасьці з сытуацыяй прымаецца рашэньне пра зьмяненьне цэнаў на нафтапрадукты", — падкрэсьліваецца ў канцэрне.

3 сакавіка цэны на паліва вырасьлі на 4,5—10%.

14 сакавіка на 18,9% падаражэў бэнзін маркі "Нармаль-80".

31 сакавіка цэны палівы падвысіліся на 10%.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG