Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы: Мы гатовыя падтрымліваць дыялёг зь Беларусьсю


Міністэрства замежных спраў Літвы пракамэнтавала заявы беларускага боку пра спробы сілавога ціску на Беларусь, у тым ліку і з выкарыстаньнем АБСЭ.

"З моманту заступленьня на пасаду старшыні АБСЭ ў студзені 2011 году Літва ўключылася ў інтэнсіўны дыялёг зь Беларусьсю. У Вене, Менску і Вільні старшыня АБСЭ, Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ ўвесь час запрашалі Беларусь паглыбляць дыялёг і супрацоўніцтва і застаюцца адкрытымі для гэтага", — заявілі БелаПАН у аддзеле прэсы Міністэрства замежных спраў Літвы.

У літоўскім зьнешнепалітычным ведамстве адзначылі, што шануюць дамоўленасьць паміж БДІПЧ і Беларусьсю, на падставе якой два прадстаўнікі БДІПЧ АБСЭ могуць назіраць за судамі па падзеях 19 сьнежня ў Менску.

"Мы чакаем поўнага выкананьня гэтага рашэньня, — падкрэсьлілі ў МЗС. — Мы таксама нагадваем пра ліст прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды мэдыяў Дуні Міятавіч ад 5 красавіка 2011 году, у якім яна нагадвае ўладам Беларусі, што са студзеня не атрымала адказу на сваю просьбу наведаць Беларусь".

"Мы зрабілі мноства прапаноў Беларусі, у прыватнасьці, пра супрацоўніцтва з АБСЭ з захаваньнем прысутнасьці арганізацыі ў Беларусі і пра дапамогу ў ажыцьцяўленьні абавязкаў краіны ў АБСЭ. Мы гатовыя падтрымліваць дыялёг і супрацоўніцтва зь Беларусьсю", — адзначылі ў прэсавай службе АБСЭ.

7 красавіка прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў: "Міністэрства замежных спраў канстатуе, што асобныя краіны Захаду працягваюць палітыку сілавога ціску на Рэспубліку Беларусь, спрабуючы задзейнічаць любыя даступныя сродкі. Група дзяржаваў, маніпулюючы наяўнымі ў дакумэнтах АБСЭ працэдурнымі прабеламі, выступіла з ініцыятывай пра накіраваньне ў нашу краіну "місіі дакладчыка", ня маючы для гэтага падставаў".

"Адвольная, у духу падвойных стандартаў, інтэрпрэтацыя дакумэнтаў АБСЭ, дыскрымінацыйныя ініцыятывы і блёкавае мысьленьне супярэчаць каштоўнасьцям арганізацыі і руйнуюць яе ролю як ключавога форуму па пытаньнях агульнаэўрапейскай бясьпекі і супрацоўніцтва", — заявіў тады Савіных.

"Мы атрымалі відавочнае пацьверджаньне, — адзначыў прадстаўнік МЗС Беларусі, — што дзеючае старшынства АБСЭ і краіны Захаду не зацікаўленыя ў аб'ектыўным і раўнапраўным дыялёгу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG