Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам тэрмінова высьвятляе, колькі ў фірмаў валюты на рахунках


Менскія гарадзкія ўлады запыталі ў буйных экспартэраў сталіцы інфармацыю аб стане валютных сродкаў на іх рахунках. Адпаведны ліст быў разасланы 7 красавіка адміністрацыямі раёнаў гораду.

Адпаведны ліст быў разасланы 7 красавіка адміністрацыямі раёнаў Менску. БелаПАН мае копію ліста, разасланага адміністрацыяй Савецкага раёну з пазнакай "тэрмінова". Прадпрыемствы павінны былі падаць інфармацыю да 17.00 7 красавіка.

Ва ўпраўленьні эканомікі адміністрацыі Савецкага раёну Менску заявілі, што "ліст разасланы буйным экспартэрам у мэтах выкананьня даручэньня старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі". Пры гэтым супрацоўнік адміністрацыі адзначыў, што ня ведае мэты дадзенага даручэньня. "Але гэта ня значыць, што яны абавязаныя падаць такую інфармацыю. Некаторыя шлюць адказ, а некаторыя адмаўляюцца", — сказаў супрацоўнік адміністрацыі.

Атрымаць камэнтарый у Менгарвыканкаме па гэтым пытаньні пакуль не ўдалося.

Ва ўпраўленьні інфармацыі Нацыянальнага банку заявілі, што ім невядомы прычыны такога распараджэньня сталічных уладаў. У адказ на пытаньне, ці можа быць гэта зьвязана з магчымым павелічэньнем нормы абавязковага продажу валютнай выручкі (на гэты момант яна складае 30%), у Нацбанку нагадалі пра аб'яўлены мараторый на прыняцьце рашэньняў на валютным рынку.

На думку аднаго з экспэртаў банкаўскай сферы, магчыма, кіраўніцтва Менгарвыканкама распрацоўвае нейкі механізм пераразмеркаваньня валюты паміж прадпрыемствамі. Як вядома, у сувязі з нестабільнай сытуацыяй на валютным рынку і множнасцю курсаў валют найбуйнейшыя прадпрыемствы-экспартэры не сьпяшаюцца прадаваць валюту нават на міжбанкаўскім рынку, дзе курс даляра ЗША перавышае афіцыйны на 10—30%. Такім чынам, прадпрыемствы-імпартэры сутыкнуліся з праблемай, калі яны ня могуць задаволіць свае патрэбы ў валюце.
XS
SM
MD
LG