Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргея Каваленку выпісалі са шпіталя і зноў адправілі "на суткі"


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Віцебскі актывіст КХП БНФ аднавіў галадоўку пратэсту, якую прыпыняў на час знаходжаньня ў мэдычнай установе.

У кардыялягічным аддзяленьні віцебскага гарадзкога шпіталя Сяргей Каваленка знаходзіўся 5 дзён. Яго прывезьлі сюды на хуткай дапамозе з ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе ён адбываў другі запар арышт і праводзіў галадоўку пратэсту.

Раніцай 8 красавіка, у дзень выпіскі, актывіст заўважыў, што на выхадзе са шпіталя яго чакае міліцэйскі канвой. Адразу на ганку спадара Каваленку ўзялі пад варту і адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня адбываць астатнія 12 сутак арышту.

Сяргей Каваленка паведаміў "Свабодзе", што аднаўляе галадоўку, якую распачаў яшчэ 25 сакавіка, але мусіў прыпыніць на час знаходжаньня ў шпіталі:

"Я ўжо адчуваю сябе лепей, ціск нармалізаваўся, я гатовы галадаваць зноў! Галадоўка будзе супраць "унутранай акупацыі" — супраць міліцэйскага начальства, кіраўніцтва ІЧУ, СІЗА, КДБ. Яны зьдзекуюцца зь людзей, зьбівалі ўдзельнікаў менскай акцыі 19 сьнежня".

Перад ад’ездам у ізалятар Сяргей Каваленка накіраваў скаргі ў абласную пракуратуру і пракуратуру Першамайскага раёну на неправамоцныя, на ягоную думку, дзеяньні міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго 1 красавіка.

У той дзень актывіст выйшаў з-пад арышту, прысуджанага за акцыю 24 сакавіка, калі ён выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі. І адразу апынуўся пад новым арыштам: крымінальна-выканаўчая інспэкцыя накіравала Сяргея Каваленку ў ізалятар часовага ўтрыманьня яшчэ на 15 сутак за парушэньне рэжыму адбываньня прысуджанага летась пакараньня.

Нагадаем, актывіст адбывае так званую "хатнюю хімію" — тры гады абмежаваньня волі "ўмоўна" пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясеньні шкоды дзяржаўнай маёмасьці.

Парушэньнем рэжыму была прызнана акцыя 24 сакавіка. Але Сяргею Каваленку дагэтуль ня выдалі пастанову на апошні арышт, падчас якога ён трапіў у шпіталь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG