Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі турбізнэсу: «Мы зараз у атмасфэры непрадказальнасьці»


Абмежаваньні і праблемы, якія зьявіліся на валютным рынку Беларусі, істотна паўплывалі на дзейнасьць турыстычных кампаніяў.

З-за складанасьцяў з набыцьцём валюты колькасьць пакупнікоў тураў на пачатку сэзону заўважна скарацілася ў параўнаньні з красавіком мінулага году.

У кампаніі «АлатанТур» наведнікаў працэнтаў на 20 паменела, распавёў намесьнік дырэктара Ігар Шаршуноў. Некаторыя турфірмы пайшлі насустрач кліентам і пакуль бяруць плату за пуцёўкі ў беларускіх рублях паводле вышэйшых курсаў — 3500–3800 рублёў за даляр, але гэта зьява часовая, кажа дырэктар Рэспубліканскага саюзу турапэратараў Валянцін Цэхмэйстэр.

«Некаторыя вядучыя туркампаніі ўжо нават спынілі продаж пуцёвак, таму што назапасіўся вялікі рублёвы эквівалент, і яны ня ведаюць, што зь ім рабіць. Некаторыя кажуць: «Вось у нас мільярд рублёў, а як нам праплачваць, калі няма валюты? Мы спыняем продаж».

У драбнейшых турыстычных кампаній сытуацыя яшчэ больш складаная — шмат якія ня маюць ліцэнзій на працу з валютай, кажа экспэрт у справах турызму, рэдактарка газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік:

Мы зараз знаходзімся ў атмасфэры непрадказальнасьці і парадоксу.
«Мы зараз знаходзімся ў атмасфэры непрадказальнасьці і парадоксу. Увесь час дзяржава заахвочвала да таго, каб разьлікі былі ў рублях, валютныя ліцэнзіі шмат хто скасаваў, шмат карпарантаў, шмат дзяржаўных прадпрыемстваў разьлічваліся рублямі. А зараз рублі нікому не патрэбныя, зараз усім патрэбная валюта».

Міністэрства спорту і турызму Беларусі прапанавала турфірмам часова перайсьці на безнаяўны разьлік. Гэта выклікана ажыятажам на валютным рынку. Такую прапанову 6 красавіка ўнёс міністар спорту і турызму Алег Качан. Але адмыслоўцы турбізнэсу да гэтага ставяцца скептычна. Лілія Кобзік прывяла прыклад з браніроўкамі ў рэжыме «on-line», якія робяцца з картак:

«Як будуць дзейнічаць гэтыя карткі? У шмат каго ў рублях адкрываліся рахункі, а пералікі ўсе павінны ажыцьцяўляцца ў валюце. Зараз гэта немагчыма, такія апэрацыі, наколькі я ведаю, замарожаныя. Нацбанк не дае ніякіх тлумачэньняў. У людзей дрэнныя прадчуваньні, нэрвовая сытуацыя: нават калі ў цябе валютная картка, чалавек ня ўпэўнены: „Праз тыдзень валюту на картках могуць замарозіць…“. Чалавек не давярае.

У тым ліку і ўвядзеньне больш гнуткага курсу. Таму што зьявіліся ўжо шэрыя схемы заробку для банкаў грошай — то бок набываць валюту паводле курсу 3700–3800 быццам бы можна. Аднак нават узаемаразьлікі паміж туркампаніямі праблематычныя, таму што калі яны працуюць агентамі, адны прадаюць па 3050, а ў іншых курс 3700 — яны страчваюць на ўзаемаразьліках. Таму гэта ўсё тармозіць».

Зараз у сталіцы праходзіць веснавая турыстычная выстава «Адпачынак-2011». Дырэктар турыстычнай кампаніі «Солвэкс» Мікалай Бічун, што да цяперашняй сытуацыі, распавёў:

«Ёсьць моманты, якія нэгатыўна адбіваюцца. Ёсьць праблемы з аплатай тураў у валюце, вы ж ведаеце… Але мы спадзяемся, што сытуацыя выправіцца. А людзі як адпачывалі, так і будуць адпачываць. Толькі будуць выбіраць тое, што ў дадзены момант бліжэйшае, па кішэні і якасьці».

Карэспандэнтка: «А цэны вырастуць?».

«Турцыя, зразумела паднімецца ў цане, гэта зьвязана з пагаршэньнем палітычнай сытуацыі ў Эгіпце, Тунісе, цэны ўжо крыху ўзрасьлі. Што тычыцца іншых кірункаў, пакуль вялікага ўсплёску цэнаў не заўважана. Але ж беларускія санаторыі даражэюць яшчэ хутчэй, чым туры за мяжу».

Але збольшага народ не купляе і нават не браніруе пуцёўкі, а толькі прыглядаецца, прыцэньваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG