Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Пачобута могуць трымаць за кратамі да суду?


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Аксана Пачобут перадала сёньня арыштаванаму мужу, журналісту Андрэю Пачобуту, рэчы і прадукты. Андрэй знаходзіцца ў міліцэйскім ізалятары ў Горадні. Ён падазраваны ў крымінальнай справе аб абразе прэзыдэнта РБ (частка першая артыкула 368 Крымінальнага Кодэксу). У рамках гэтай справы яму двойчы запар зьмянілі меру стрыманьня — спачатку ўзялі падпіску аб нявыезьдзе, а 6 красавіка -- арыштавалі.

Аксана Пачобут распавяла нашаму радыё, што езьдзіла ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі Горадні, дзе знаходзіцца ізалятар часовага ўтрыманьня. Перадачу для мужа ўзялі, кажа яна:

"Узялі адзеньне і ежу, ежы было няшмат, ня думала, што перададуць. Думала, што, можа, вернуць перадачу, але раз ён знаходзіцца пад арыштам, а не як сутачнік, то ўзялі ўсё".

Паводле інфармацыі з абласной пракуратуры, да журналіста "Газэты Выборчай" ужыта мера стрыманьня — арышт. Гаворыцца, што ён арыштаваны на трое сутак. У Аксаны Пачобут мы пацікавіліся — ці сказалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, што мужа выпусьцяць увечары ў суботу, калі прамінуць тры дні з часу яго арышту? Яна адказала:
У суботу тэарэтычна яго могуць адпусьціць. Альбо узяцьце пад варту да суду ...

"Не, нічога не казалі. Сказалі — гэта ўсё ў сьледчага, а са сьледчым кантактуе адвакат. Пакуль трое сутак, але, магчыма, у суботу яму скажуць, што да суду — пад варту. Таму што калі яго сьледчы затрымліваў, ён не казаў, на колькі. Увогуле адвакат кажа, што напачатку гэта мінімум трое сутак. У суботу тэарэтычна яго могуць адпусьціць. Альбо зьмяніць ужо зусім афіцыйна меру стрыманьня — узяцьце пад варту да суду".

Да ўчорашняга вечара меры стрыманьня адносна Андрэя Пачобута прынята не было. Сёньня ён хацеў узяць удзел у Менску ў тэлемосьце прадстаўніцтва Эўракамісіі з дэлегацыяй Эўрапарлямэнту ў справе Беларусі. Яны выехалі напярэдадні машынай з Ігарам Банцарам, аднак іх двойчы затрымлівалі.

Банцар:
"Сьледчы яму зачытаў пастанову, у якой яму прадпісваецца не пакідаць горад, падпіска аб нявыезьдзе так званая. Пачобут павінен быў падпісаць. Але ён сказаў, што ня будзе падпісваць, і напісаў, што ён журналіст: гэта мая праца, я павінен езьдзіць. Сьледчы яго не арыштаваў на той момант, не зьмяніў меру стрыманьня. Мы проста выйшлі і паехалі, потым нас затрымалі за Горадняй: усё, будзем зараз меру стрыманьня зьмяняць, маўляў, ён парушыў падпіску аб нявыезьдзе".

Андрэя Пачобута даставілі ў абласную пракуратуру, а ўначы пасадзілі пад арышт, кажа Ігар Банцар.
XS
SM
MD
LG