Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША дыскутуе аб ролі СМІ


Што важнейшае для замежнага вяшчаньня ЗША: аб’ектыўнае асьвятленьне падзеяў або пашырэньне амэрыканскіх ідэяў у сьвеце? Пра гэта вялася дыскусія ў Кангрэсе ЗША.

6 красавіка ў Кангрэсе ЗША адбыліся слуханьні аб ролі СМІ, якія фінансуюцца зь бюджэту ЗША.

Слуханьні праходзілі ў падкамітэце па наглядзе і расьследаваньнях Камітэту замежных справаў Палаты прадстаўнікоў.

Кіраўнік падкамітэту, кангрэсмэн Дэйна Рорбакер (рэспубліканец, Каліфорнія), сказаў на слуханьнях, што яго турбуе пытаньне, ці ня робіць вяшчаньне, якое фінансуецца зь бюджэту ЗША, завялікага націску на аб’ектыўнае асьвятленьне падзеяў, адначасна надаючы замала ўвагі пашырэньню амэрыканскіх каштоўнасьцяў і інтарэсаў.

“Перш за ўсё амэрыканскія стратэгічныя сродкі масавай камунікацыі і публічная дыпляматыя павінны пашыраць нацыянальны інтарэс Злучаных Штатаў праз інфармаваньне і ўплыў на замежную аўдыторыю. Гэта часта называецца “вайной ідэяў”. Роляй і адказнасьцю Рады кіраўнікоў вяшчаньня зьяўляецца ня толькі журналістыка”, – сказаў кангрэсмэн Рорбакер падчас слуханьняў.
Амэрыканскія стратэгічныя СМІ павінны прасоўваць нацыянальны інтарэс ЗША праз інфармаваньне і ўплыў на замежную аўдыторыю

Рада Кіраўнікоў вяшчаньня (Broadcasting Board of Governors) – гэта 8 чалавек, прызначаных прэзыдэнтам ЗША дзеля нагляду і кіраўніцтва ўсім амэрыканскім замежным вяшчаньняем (за выняткам вайсковага). Дзявятым членам Рады зьяўляецца дзейны сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША.

Рада кіраўнікоў вяшчаньня наглядае за працай шасьці арганізацый: Голасу Амэрыкі, Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Радыё Свабодная Азія, Радыё і тэлебачаньня Марці, Радыё Сава і Тэлебачаньня Аль-Хура. Гэтыя арганізацыі вяшчаюць на 59 мовах для аўдыторыі, якая ацэньваецца агульным лікам на 165 мільёнаў чалавек на тыдзень. Рада кіраўнікоў вяшчаньня папрасіла сёлета выдаткаваць зь бюджэту краіны на гэтыя арганізацыі 767 мільёнаў даляраў.

Камітэтам замежных справаў Палаты прадстаўнікоў ЗША кіруе Ілеана Рос-Лехтынэн (рэспубліканка, Флорыда). Яна, як і кангрэсмэн Рорбакер, таксама прыхільніца “вайны ідэяў” у амэрыканскім міжнародным вяшчаньні. Тры гады таму, пішучы ў газэце “USA Today” пра амэрыканскае вяшчаньне на Кубу, Рос-Лехтынэн адзначыла: “Гэта не занятак пад назвай “Давайце нам усю разнароднасьць думкі”. Наша місія ясная: гэта папулярызацыя амэрыканскай палітыкі ў адносінах да Кубы”.
Журналіст, які агучвае толькі афіцыйную лінію Белага дому, вельмі хутка страціць давер аўдыторыі

Крытыкі погляду Рос-Лехтынэн кажуць, што падтрымка журналісцкай добрасумленнасьці і аб’ектыўнасьці ў асьвятленьні падзей зьяўляецца найлепшым шляхам пашырэньня амэрыканскіх інтарэсаў, чым прапаганда палітыкі дзейнай амэрыканскай адміністрацыі. Яны аргумэнтуюць, што журналіст, які агучвае толькі афіцыйную лінію Белага дому, вельмі хутка страціць давер аўдыторыі, чаго і чакаюць аўтарытарныя рэжымы ў краінах, куды кіруецца амэрыканскае замежнае вяшчаньне.

С. Эндэрс Уімбуш, адзін з чальцоў Рады кіраўнікоў вяшчаньня, які браў удзел у слуханьнях, аргумэнтаваў, што амэрыканскае замежнае вяшчаньне кідае эфэктыўны выклік аўтарытарным рэжымам у сьвеце. Паводле Ўімбуша, наўпроставым доказам гэтай эфэктыўнасьці зьяўляецца глушэньне амэрыканскага вяшчаньня ў Іране і Кітаі.

Уімбуш таксама патлумачыў, чаму Рада кіраўнікоў вяшчаньня вырашыла сёлета закрыць вяшчаньне Голасу Амэрыкі на Кітай у дыяпазоне кароткіх хваляў. Уімбуш патлумачыў гэты захад зьмяншэньнем колькасьці слухачоў радыёперадачаў на кароткіх хвалях і ростам карыстальнікаў інтэрнэту ў Кітаі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG