Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі: прадпрымальніку паабяцалі разьлічыцца па даўгах


Андрэй Бажко

Андрэй Бажко

Горацкі прадпрымальнік Андрэй Бажко вырашыў прыпыніць галадоўку і згарнуць пікетаваньне, якое ён праводзіў ля адміністрацыйнага будынка перасоўна-мэханізаванай калёны № 1. Гэтае прадпрыемства на працягу паўгода, як сьцьвярджае бізнэсовец, не разьлічвалася зь ягоным прыватным прадпрыемствам "МБА Клеапатра+".

З просьбай спыніць акцыю, кажа Бажко, да яго зьвярнуліся чыноўнікі райвыканкаму. Яны даведаліся пра пратэст прадпрымальніка з тэлефанаваньняў журналістаў.

"Прыехалі супрацоўнікі аддзелу эканомікі і будаўніцтва райвыканкаму. Выклікалі начальніка ПМК. Селі за стол перамоваў. Мне падпісалі ўсе працэнтоўкі ў прысутнасьці чыноўнікаў. Пакуль грошай у ПМК няма. Яны паабяцалі, што ўгавораць майго работніка не падаваць на мяне ў суд з-за нявыплаты яму заробку. Ён пачакае, пакуль ПМК не аддаць мне грошы. Сплаціць мне грошы паабяцалі да канца наступнага тыдня. Я лічу, што на дадзены момант я сваёй акцыяй дасягнуў посьпеху. Інакш работнік пайшоў бы ў суд, і я б апынуўся ў яшчэ большым даўгу", — зазначае Андрэй Бажко.

Паводле прадпрымальніка сума запазычанасьці ПМК перад ім складае каля 40 мільёнаў рублёў. За апошнія тры месяцы яму пералічылі толькі 50 тысяч рублёў.

"Заказчыкам у ПМК зьяўляецца "Александрыйскае", што ў Шклоўскім раёне. Мне казалі, што яно ПМК вінаватае больш за мільярд. Сёньня ж высьветлілася, што ПМК не дадалі 300 мільёнаў. Атрымліваецца, што казалі адно, а цяпер другое. Перад чыноўнікамі начальнік ПМК апраўдваўся тым, што ў яго няма грошы і яны гэта ведаюць. Грошы зьявяцца ў яго, калі пачнуць фінансаваць калгасы. Напрыканцы сустрэчы мне сказалі, што я зьняважыў раён на ўсю краіну".

Андрэй Бажко кажа, што цяпер ягонае прадпрыемства знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Ён думае зачыняць яго, бо працаўнікі пазвальняліся.

"Калі было фінансаваньне па каапэратывах, то бок калі людзі за свае грошы будаваліся — тады праблемаў не было. А вось з Александрыяй чамусьці выйшла замінка. Чаму, невядома. У мяне запазычанасьць па ўсіх выплатах. Калі я буду працягваць працаваць, даўгі будуць толькі расьці. Мяне зьдзівіла, што сёньня ўсё так проста было падпісана".

Прыватнае прадпрыемства "МБА Клеапатра+", паводле Андрэя Бажка, выконвала працы на ўмовах субпадраду з ПМК у акцыянэрным таварыстве "Александрыйскае" — рабіла ўнутранае аздабленьне катэджаў. Сваю акцыю прадпрымальнік распачаў 6 красавіка а 17-й гадзіне. У руках ён трымаў плякат: "ПМК-1, аддайце заробленае. Хачу есьці".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG