Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст “Газэты Выборчай” Андрэй Пачобут знаходзіцца ў ізалятары ў Кастрычніцкім РАУС Горадні на вуліцы Гая, куды быў дастаўлены ўначы, яму зьмененая мера стрыманьня.

У ізалятар ужо паехала жонка Пачобута Аксана, яна паспрабуе штосьці даведацца пра мужа і спадзяецца аддаць яму перадачу.

Калега Андрэя Пачобута па апазыцыйным Саюзе палякаў Ігар Банцар, які вёз Андрэя ўчора ў Менск, распавёў "Свабодзе" падрабязнасьці затрыманьня. Спачатку іх машыну затрымалі ў Горадні і загадалі ехаць у абласную пракуратуру. Сьледчы зачытаў пастанову, у якой прадпісвалася не пакідаць горад, гэта была падпіска аб нявыезьдзе. Андрэй Пачобут адмовіўся паставіць свой подпіс, ён патлумачыў, што паездкі — ягоная праца і зараз ён накіроўваецца ў Менск. Ігар Банцар кажа, што пасьля гэтага яны выйшлі з пракуратуры і паехалі ў сталіцу.

Другі раз іх затрымалі за Скідалем, яны пасьпелі праехаць трыццаць кілямэтраў. Андрэю Пачобуту заявілі, што ён парушыў падпіску аб нявыезьдзе і яму будуць зьмяняць меру стрыманьня. Пасьля гэтага журналіста даставілі ў пракуратуру, туды прыбыў адвакат Аляксандар Бірылаў. Андрэю Пачобуту заявілі, што зьмяняюць яму падпіску аб нявыезьдзе на арышт і ўначы даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Супраць Андря Пачобута распачатая крымінальная справа за публікацыі ў "Газэце Выборчай" і прыватным блогу. Пачобут падазраецца ў зьнявазе прэзыдэнта, яму пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.



У мінулыя гады па абвінавачваньні ў абразе прэзыдэнта да розных тэрмінаў зьняволеньня і абмежаваньня волі былі асуджаныя лідэры прадпрымальніцкага руху Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, палітык Андрэй Клімаў, журналіст і палітык Віктар Івашкевіч, журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч, праваабаронца Кацярына Садоўская, актывіст рабочага руху Мікалай Разумаў. Спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці паводле адпаведнага артыкулу пісьменьніка Ўладзімера Падгола, параваабаронцу Аксану Новікаву.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG