Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікабрытанія заклікала беларускі ўрад да супрацоўніцтва з экспэртамі АБСЭ, якія дасьледуюць падзеі 19 сьнежня ў Менску.

Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе амбасады Вялікабрытаніі ў Менску:

"Вялікабрытанія і трынаццаць іншых краін-сябраў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе заклікалі Беларусь да супрацоўніцтва з місіяй міжнародных экспэртаў, закліканай сабраць факты для расьсьледаваньня дзеяньняў, зьвязаных з падаўленьнем дэманстрацый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года і падзей, што пайшлі сьледам за імі, якія выклікалі сур'ёзную заклапочанасьць.

Гэтая прапанова была зробленая ў рамках схемы АБСЭ, вядомай таксама, як "маскоўскі мэханізм". Яна была адобраная ўсімі сябрамі АБСЭ, уключаючы Беларусь, для стымуляцыі захаваньня і павагі правоў чалавека, асноўных свабод, асноў дэмакратыі, а таксама правіла вяршэнства закона праз дыялёг і супрацоўніцтва ", -- адзначаецца ў прэс-рэлізе.

"Паводле меркаваньня 14 краін, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, прымяненьне ўрадам Беларусі суровых захадаў адносна апазыцыйных кандыдатаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і журналістаў, масавыя арышты і прысуды, вынесеныя ўдзельнікам пратэстаў і журналістам за падзеі 19 сьнежня, паведамленьні аб катаваньнях, запалохваньні і прымусе ўяўляюць сабой вельмі сур'ёзную пагрозу выкананьню Беларусьсю сваіх абавязацельстваў перад АБСЭ. Гэтыя абавязацельствы вызначаныя ў гістарычным Хэльсінскім акце 1975 года і наступных дакумэнтах, і ўключаюць у сябе шырокамаштабныя намаганьні ў галіне правоў чалавека, асноўных свабод, дэмакратыі і правіла вяршэнства закона",-- падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

"Вялікабрытанія яшчэ раз заклікае беларускія ўлады пакласьці канец ганебнаму ланцугу падзей, якія суправаджалі выбары 19 сьнежня і працягваюцца па гэты дзень. Мы настойліва заклікаем ўрад Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыйных кандыдатаў, удзельнікаў перадвыбарчай кампаніі, журналістаў, адвакатаў, студэнтаў і шматлікіх іншых",-- адзначаецца ў дакумэнце.

"Расьсьледаваньне і справаздачу, якія чакаюцца мяркуюцца ў рамках "маскоўскага мэханізму", закліканыя дапамагчы Беларусі выканаць гэтыя абавязацельствы. Мы заклікаем Беларусь аказаць садзейнічаньне дадзенай ініцыятыве, якая прадпрымаецца на карысьць Беларусі і яе грамадзян",-- зазначае амбасада Вялікабрытаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG