Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Гарадзенскай вобласьці 6 красавіка на трое сутак за парушэньне падпіскі аб нявыезьдзе затрымала карэспандэнта "Газэты Выборчай" у Беларусі Андрэя Пачобута, які зьяўляецца падазвраваным па справе аб абразе прэзыдэнта.

Андрэй Пачобут быў затрыманы ў сераду ўвечары на падставе пастановы сьледчага, паколькі, "знаходзячыся пад падпіскай аб нявыездзе, заявіў аб сваім намеры выехаць з горада", - паведаміў "Інтэрфаксу" прадстаўнік абласной пракуратуры.

Паводле яго слоў, сьледства палічыла, што, пакінуўшы месца жыхарства, Пачобут будзе перашкаджаць правядзеньню сьледчых дзеяньняў у рамках заведзенай у дачыненьні да яго крымінальнай справы.

Раней у пракуратуры Гарадзенскай вобласьці казалі, што "крымінальная справа ёсьць, але абвінавачваньне не прад'яўленае, Пачобут знаходзіцца ў статусе падазраванага, мера стрымання да яго не абіралася".

Дзяжурны ізалятару часовага ўтрыманьня Казлоўскі на пытаньне пра журналіста Пачобута адказаў, што “такую інфармацыю яны не даюць па тэлефоне”.

Ізалятар, куды даставілі Андрэя Пачобута ўчора ўвечары, знаходзіцца ў Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі Горадні.

Жонка Пачобута Аксана сказала, што Андрэй хацеў 7 красавіка ўзяць удзел у Менску ў тэлемосьце прадстаўніцтва Эўракамісіі з дэлегацыяй Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю.

Андрэй прадбачыў, што яго могуць затрымаць, каб перашкодзіць гэтаму, таму ён вырашыў паехаць напярэдадні — 6 красавіка, але быў затрыманы і цяпер знаходзіцца ў Горадні ў ізалятары.

Аксана Пачобут паведаміла таксама, што ўчора да іх увечары — адразу пасьля працоўнага дня прыйшоў сьледчы і выдаў позву—зьявіцца ў пракуратуры 7 красавіка. Андрэй сказаў, што можа зьявіцца ў любы іншы час, але паколькі 7-га у яго сустрэча ў Менску, то ён зьяжджае. Ён напісаў на позьве, што ня прыйдзе.

Калі журналіст пазьней выехаў машынай з Горадні ў Менск, яго спынілі і папярэдзілі, каб ён вяртаўся назад, што яму нельга пакідаць горад. Потым Андрэя Пачобута затрымалі і даставілі міліцэйскай машынай спачатку ў пракуратуру, затым — у ізалятар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG