Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дракахруст: ЗША бяруць стратэгічную ініцыятыву на сябе


"Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" прадугледжвае падтрымку замежнага вяшчаньня для Беларусі і выдзяленьне фінансавай дапамогі для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Пра значэньне і ўплыў “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” – аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.


Карэспандэнтка: Новы «Акт аб дэмакратыі для Беларусі» яшчэ не прыняты, мы яшчэ ня бачылі праекту гэтага закону. Але з таго, што вядома, ці можна сказаць, у чым мэта яго прыняцьця, якое значэньне ён будзе мець?

Тэза зь мінулага закону, што ЗША ня могуць галасаваць за крэдыты для беларускага ўраду ў міжнародных фінансавых арганізацыях – гэта абавязковая ўмова для ўраду, і яна выконвалася
Юры Дракахруст
: Найперш гэта выражэньне маральнай пазыцыі. Тое, што творыцца ў Беларусі – гэта кепска, і Злучаныя Штаты будуць спрыяць таму, каб гэта зьмяніць. У больш прыкладным пляне гэта вызначэньне палітычнай лініі, стратэгіі адносінаў зь Беларусьсю. Зьнешнюю палітыку вядзе прэзыдэнт, але парлямэнт – Кангрэс і Сэнат – вызначаюць у пэўнай ступені яе канцэптуальныя рамкі. Яны не загадваюць прэзыдэнту, якія канкрэтныя крокі рабіць, але прапануюць накірунак дзеяньняў. Гэта, у прыватнасьці, азначае, што нейкія крокі насустрач афіцыйнаму Менску адміністрацыя можа рабіць толькі ў адказ на заўважальнае паляпшэньне сытуацыі ў Беларусі.

У пэўным сэнсе гэта абмежаваньне магчымасьці манэўру для амэрыканскага ўраду. Мяркую, што як і ў папярэдняй рэдакцыі закону, у ім будуць часткі рэкамэндацыйныя, але і абавязковыя.

Напрыклад, тэза зь мінулага закону, што ЗША ня могуць галасаваць за крэдыты для беларускага ўраду ў міжнародных фінансавых арганізацыях – гэта абавязковая ўмова для ўраду, і яна выконвалася. Можна ўстрымацца, што і рабілася ў 2008 годзе, калі вырашалася пытаньне крэдыту ад МВФ, але нельга галасаваць "за".

Як можна зразумець, новы закон прадугледжвае пашырэньне падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, а таксама замежнага вяшчаньня на Беларусь.

І замежная падтрымка – хіба не адзіны спосаб зрабіць гэтае супрацьстаяньне больш менш сумленным
Безумоўна, лепш, калі грамадзянская супольнасьць любой краіны мае нацыянальныя рэсурсы для існаваньня і дзеяньня, лепш, калі грамадзяне краіны могуць атрымліваць інфармацыю з нацыянальных мэдыяў.
Але справа ў тым, што беларуская ўлада ня толькі наўпрост рэпрэсуе грамадзянскую супольнасьць і незалежныя мэдыі, яна ці не найперш перакрывае магчымасьці для іх атрымліваць рэсурсы для існаваньня ў сваёй краіне. І замежная падтрымка – хіба не адзіны спосаб зрабіць гэтае супрацьстаяньне больш-менш сумленным.

Карэспандэнтка:
А якім быў плён папярэдняй вэрсіі «Акту», якія вынікі ён даў?

Беларуская ўлада ў глыбіні душы паважае амэрыканцаў больш, чым эўрапейцаў, можа і ненавідзіць, але паважае
Дракахруст:
Вынікі доўгатэрміновай стратэгіі не заўсёды можна канкрэтна пазначыць. Можна сказаць, што паколькі Лукашэнка застаецца ва ўладзе, і сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у краіне застаецца кепскай, дык і нічога ня даў. Але тое, што беларускія ўлады ў 2008 годзе вызвалілі вязьняў, пайшлі на дыялёг з Эўропай і пэўную лібэралізацыю, было пэўным вынікам у тым ліку і «Акту аб дэмакратыі», нават калі амэрыканская палітыка адыгрывала ролю «кепскага паліцэйскага» ў тандэме з Эўропай.

Можна сказаць, што пастаянны, пасьлядоўны амэрыканскі ціск, як мінімум, ставіць пэўныя межы свавольству беларускай улады. І что бясспрэчна – умовы выжываньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі былі б значна горшымі, калі б ня шчодрасьць амэрыканскага народу.

І я, дарэчы, думаю, што беларуская ўлада ў глыбіні душы паважае амэрыканцаў больш, чым эўрапейцаў: можа, і ненавідзіць, але паважае. У іх слова менш разыходзіцца са справай. І ў пысу могуць даць у выпадку чаго, а ня толькі выказаць глыбокую занепакоенасьць. І плаціць за свае прынцыпы, хай і кепскія на погляд беларускай улады, гатовыя. Словам, вораг, але патаемна паважаны.

Карэспандэнтка:
А ў чым, на ваш погляд, неабходнасьць прыняцьця менавіта новага закону? Інакш кажучы, чым быў кепскі ранейшы?

У новых умовах, калі ўзьніклі пэўныя ростані, яны бяруць стратэгічную ініцыятыву на сябе, фармулююць бачаньне сытуацыі і шлях, які будуць прапаноўваць і сваім саюзьнікам
Дракахруст:
Я мяркую, што матывам прыняцьця новага «Акту аб дэмакратыі» сталі апошнія выбары ў Беларусі і асабліва падзеі пасьля 19 сьнежня мінулага году. Гэта не вяртаньне ў які-небудзь 2006 год, гэта новая рэчаіснасьць і новы «Акт» павінен стаць стратэгічным адказам на гэты новы выклік.

Амэрыканцы не пярэчілі палітыцы ўцягваньня і дыялёгу, якую практыкаваў Эўразьвяз ад 2008 году да 19 сьнежня летась, яны проста не сьпяшаліся да яе далучацца. У новых умовах, калі ўзьніклі пэўныя ростані, яны бяруць стратэгічную ініцыятыву на сябе, фармулююць бачаньне сытуацыі і шлях, які будуць прапаноўваць і сваім саюзьнікам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG