Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 красавіка, актывіста "Маладога фронту" Эдуарда Лобава адправяць адбываць пакараньне ў 22-ую калёнію узмоцненага рэжыму пад Івацэвічамі.

Напярэдадні ў ізалятары на вуліцы Валадарскага Марыне Лобавай паведамілі, што яе сына Эдуарда раніцай 7 красавіка адправяць па турэмнаму этапу ў Івацэвічы, у 22-ую калёнію ўзмоцненага рэжыму ў пасёлку Воўчыя норы.

5 красавіка Марына Лобава сустракалася з сынам на Валадарцы.

"Была зь ім на спатканьні ўчора. Ён ужо агаліў галаву, бо ў камэры у двух вязьняў знайшлі вошы. Дык ён спалохаўся, як бы да яго не перабраліся. Дым болей што ўсё раўно ў лягеры падстрыгуць, але тупымі нажніцамі. Гатовы да адпраўкі, але тады яшчэ ня ведаў дакладна, калі. Настой у яго баявы, як звычайна. Ліхавіду прасіў перадаць, каб ён ні ў якім разе не галадаваў, што рэжыму гэта ўсё роўна, а трэба захаваць сілы, каб далей змагацца. Шмат пытаўся пра палітычныя навіны, яго гэта вельмі турбуе".

Карэспандэнт: "Ці што казаў пра Зьмітра Дашкевіча?"

"Ён – не. Але я сёньня пыталася пра яго таксама, але пакуль не прызначаны дзень, калі яго адправяць і таму не кажуць і адносна калёніі, куды яму прызначылі. Эдуард вельмі моцна кашляе. Тыдзень таму гэтак яшчэ не было. Я ужо пачала хвалявацца, каб толькі на сухоты не захварэў. Кажа, як выходзіш з камэры на сьвежае паветра ці вяртаесься, дык кашаль узмацняецца. Можа, з-за таго, што там шмат паляць. У камэры мусіць быць 24 чалавекі, а было 50, зараз крыху паменела. Спаць даводзіцца на гамаках – нацягваюць вяроўкі і на іх кладуць матрацы, бо ўсім месцаў не хапае."

Марына Лобава нагадала, што сын з адвакатам падалі касацыйную скаргу на прысуд. "Будзе, відаць, як з Атрошчанкавым. З такім жа вынікам", -- кажа Марына Лобава.

Маскоўскі суд Менску 24 сакавіка прызнаў Лобава і Дашкевіча вінаватымі ў злосным хуліганстве. Паводле суду, маладафронтаўцы напалі на мінікоў і зьбілі іх з выкарыстоўваньнем манціроўкі. Гэта адбылося за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Пацярпелыя ў судзе выступалі за зачыненымі дзьвярамі. Эдуард Лобаў атрымаў 4 гады зьняволеньня, Зьміцер Дашкевіч – 2 гады. Абодва сваёй віны не прызналі і заявілі пра правакацыю спэцслужбаў.

У 22-ой Івацэвіцкай калёніі, дзе будзе сядзець Эдуард Лобаў, адбыў некалькі месяцаў былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, які праходзіў па адной справе аб тэрарызьме з ваўкавыскім прадыпрмальнікам Мікалаем Аўтуховічам. Пытаюся ў спадара Асіпенкі да чаго трэба рыхтавацца Лобаву ў гэтай калёніі?

"Там ставяцца да чалавека адпаведна яго учынкаў. Калі будзе сябе паводзіць прыстойна, то і паважліва да яго будуць ставіцца. Прычым ўсе. У тым ліку і адміністрацыя."

"А як там ставяцца да палітычных?"

"Ды там ўсё роўна. Канешне, адміністрацыя возьме яго на асаблівы ўлік, асаблівая ўвага да яго будзе. Але для зэкаў аднолькава – крымінальнік ці палітычны. Галоўнае, каб сам сябе не губляў".

Паводле Уладзімера Асіпенкі, у гэтай калёніі нядаўна быў пабудаваны новы корпус, у якім дастаткова нармальныя побытавыя ўмовы. Што да стаўленьня адміністрацыі да вязьняў, Асіпенка пра гэта сказаў: "Да нас паўсюль не лічаць за людзей".
XS
SM
MD
LG