Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Мы назіраем пагаршэньне сытуацыі на валютным рынку Беларусі


На відэасувязі з Вашынгтону кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс

На відэасувязі з Вашынгтону кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс

Бягучая эканамічная сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася 6 красавіка падчас відэапрэс-канфэрэнцыі з кіраўніком місіі МВФ Крысам Джарвісам са штаб-кватэры ў Вашынгтоне. Яна праходзіла ў прадстаўніцтве МВФ у Менску.

МВФ пакуль не атрымліваў просьбы ад афіцыйнага Менску выдзеліць новы крэдыт. Паводле выканаўчай рады дырэктараў фонду, новая праграма фінансаваньня магчымая, калі афіцыйны Менск выканае шэрагу ўмоваў. Беларускія ўлады павінны рэалізоўваць эканамічную праграму, якая выклікае давер, забясьпечвае стабільнасьць і структурныя рэформы.

На пачатку сакавіка МВФ падрыхтаваў справаздачу па Беларусі, і ад таго часу эканамічная сытуацыя ў краіне істотна не памянялася. Няма вялікай колькасьці новых зьменаў, якія можна было б камэнтаваць, заявіў з Вашынгтону кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс.

«Тым ня менш мы назіраем некаторае пагаршэньне сытуацыі на валютным рынку. Мы бачым, што прадпрыемствы і фізычныя асобы набываюць замежную валюту, назіраецца ператок рублёвых дэпазытаў у валютныя. Мы мяркуем, што прычыны гэтага палягаюць у тым, што цягам апошняга году эканамічная палітыка была занадта мяккай. Гэта празьмерна высокі рост крэдыту, які ў мінулым годзе вырас амаль на 40%. А гэта значна больш, чым рост рэальнага валавога ўнутранага прадукту і ўзровень інфляцыі. А таксама напрыканцы мінулага году значна павысіліся заробкі ў бюджэтным сэктары. Усё гэта прывяло да таго, што канкурэнтаздольнасьць Беларусі паменшылася і сфармаваўся вельмі высокі дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый».
Канкурэнта­здольнасьць Беларусі паменшылася і сфармаваўся вельмі высокі дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый.


Крыс Джарвіс мяркуе, што, нягледзячы на валютны крызіс, Беларусь зможа рабіць плацяжы па зьнешнім доўгу. Адказваючы на пытаньні журналістаў, спадар Джарвіс таксама сказаў, што Нацбанк Беларусі зьяўляецца платаздольным і ў сакавіку змог папярэдзіць значную страту рэзэрваў. Прыпыненьне Нацбанкам інтэрвэнцыі на валютным рынку сьведчыць пра тое, што Нацбанк і ўрад Беларусі ўзялі тайм-аўт, каб выпрацаваць эканамічнае рашэньне гэтых праблемаў. Паводле спадара Джарвіса, патрэбная некаторая гнуткасьць абменнага курсу. А наяўнасьць множнасьці абменных курсаў можа выклікаць сур’ёзныя праблемы.

«Нацыянальны банк робіць захады, каб не згубіць свае валютныя рэзэрвы і адначасова выйграе разам з урадам час, каб сфармуляваць той пакет мераў, які дазволіў бы аднавіць давер. Я ня ведаю, колькі часу для гэтага спатрэбіцца. Але па выніках дыскусій з Нацбанкам і ўрадам мы бачым, што яны разумеюць сур’ёзнасьць сытуацыі і важнасьць хутчэйшага аднаўленьня нармальнай працы валютнага рынку».

Прычыны праблем на валютным рынку, паводле прадстаўніка МВФ, ляжаць у сфэры эканамічнай палітыкі. Таму неабходна паменшыць дэфіцыт бюджэту, істотна скараціць крэдытаваньне ў рамках дзяржпраграмаў, зрабіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку. Спадар Джарвіс мяркуе, што трэба прыкласьці больш намаганьняў дзеля скарачэньня дэфіцыту рахунку бягучых апэрацый і аднавіць давер людзей да эканомікі і беларускага рубля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG