Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галадоўка мае плён толькі тады, калі да яе прыцягнута ўвага грамадзкасьці»


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Апошнімі днямі ў Беларусі некалькі чалавек пачалі галадоўкі пратэсту з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў. Як можна ацаніць гэтае рашэньне, ці можа гэты крок адчаю прыцягнуць належную ўвагу грамадзкасьці? Ці ёсьць у найноўшай гісторыі Беларусі прыклады ўдалых палітычных галадовак? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч, які ў свой час сам браў удзел у галадоўцы, адстойваючы правы царквы «Новае жыцьцё».

Цыганкоў: Як можна ацаніць факт тых галадовак, што адбываюцца цяпер у Беларусі? Ці можа гэты крок асобных людзей прывесьці да нейкіх канкрэтных наступстваў? Ці дастаткова была прыцягнута ўвага грамадзкасьці да гэтага чыну?

Мацкевіч: Галадоўка — гэта адзін з самых скрайніх мэтадаў супраціву, больш жорсткімі могуць быць толькі акцыі самаспаленьня ці нешта такое — калі ня браць дзеяньні, накіраваныя на іншых людзей (тэракты і гэтак далей). Таму галадоўка — гэта вельмі скрайні спосаб выказваньня сваёй пазыцыі. Тое, што на гэта ідуць некалькі чалавек, сьведчыць пра адчай, пра вычарпанасьць іншых, больш спакойных сродкаў.

Увага да гэтага пакуль прыцягнута недастаткова. Грамадзянская супольнасьць і палітычная апазыцыя пакуль вырашаюць свае праблемы, ня могуць дамовіцца паміж сабой, што ж можна зрабіць дзеля вызваленьня палітвязьняў. На гэтым фоне некаторыя людзі ідуць на такі гранічны крок, як галадоўка.

Цыганкоў: Але наколькі гэты крок адпавядае сёньняшняй сытуацыі? І што варта зрабіць, каб грамадзкай увагі да гэтага чыну было больш?
Галадоўка мае плён толькі тады, калі да яе прыцягнута ўвага грамадзкасьці і калі грамадзкасьць ставіцца да яе правільна.

Мацкевіч: Галадоўка мае плён толькі тады, калі да яе прыцягнута ўвага грамадзкасьці і калі грамадзкасьць ставіцца да яе правільна. Толькі падтрымка ўсіх структураў, СМІ, асобных людзей можа прывесьці да станоўчага выніку. На жаль, на сёньня ў беларускай супольнасьці правільнага адказу на гэтыя акты адчаю не назіраецца. Трэба, каб журналісты прыходзілі да гэтых людзей. Яны не заўсёды маюць палітычны досьвед, каб правільна сфармаваць свае патрабаваньні, пазыцыю. Але журналісты маглі б дапамагчы ў гэтым, пытаючыся ў гэтых людзей, чаму яны пайшлі на гэты крок. На жаль, пакуль салідарнасьці з боку СМІ не назіраецца.

Цыганкоў: Беларуская гісторыя апошніх гадоў ведае некаторыя прыклады пасьпяховых галадовак. Часам тут прыводзіцца прыклад Аляксандра Казуліна, які дамогся разгляду свайго пытаньня ў ААН. Ці можна сказаць, што і ў сёньняшняй сытуацыя галадоўка — не абавязкова беспэрспэктыўны занятак?

Мацкевіч: Я б хутчэй узгадаў свой досьвед галадоўкі з царквой «Новае жыцьцё», дзе тэхналягічна быў правільна зроблены адпаведны крок, і таму быў пэўны посьпех. Таму вельмі важна, каб усё было прадумана ў гэтых рэчах — адпаведны піяр, структуры падтрымкі і гэтак далей.

Так, ёсьць станоўчыя прыклады галадовак у Беларусі, але больш і нэгатыўных прыкладаў, якія сапсавалі стаўленьне грамадзкасьці да гэтай акцыі пратэсту.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG