Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты крызіс — не валютны, а ўсёй беларускай мадэлі разьвіцьця»


Валютны крызіс у Беларусі працягваецца. У абменьніках чэргі, валюты на продаж па-ранейшаму няма: толькі калі нехта здасьць. Дэ-факта беларускі рубель ужо абясцэнены: многія камэрцыйныя банкі ўсталявалі свае курсы (значна вышэйшыя за афіцыйны курс Нацбанка) на пагашэньне, да прыкладу, валютных крэдытаў, ня кажучы ўжо пра турфірмы і інтэрнэт-крамы.

У чэргах па валюту стаяць ня толькі бабулі, якія хочуць перавесьці свае ашчаджэньні ў валюту і схаваць у панчоху. Людзі вымушаныя пагашаць валютныя крэдыты за жытло, за аўтамабілі, плаціць валютай за турпуцёўкі, візы. У адным з камэрцыйных банкаў мне доўга тлумачылі, што банкаўскія правілы забараняюць пагашаць валютны крэдыт рублямі. Але банкіры разумеюць сытуацыю і пайшлі насустрач сваім кліентам:

«Вы можаце зрабіць толькі бягучы ўнёсак за гэты месяц, тое, што вы павінны выплаціць па крэдыце. Аднак я вас павінна папярэдзіць, што гэта будзе па курсе 3450, так што вырашайце самі. А ўвесь крэдыт пагашаць трэба той валютай, у якой ён вам даваўся».

Пачынаецца турыстычны сэзон. З адпачынкам сёлета ў беларусаў могуць узьнікнуць праблемы, лічыць экспэрт, рэдактарка газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік:

«Фірмам патрэбныя грошы, каб зрабіць перадаплату за браніраваньне гатэляў, таму што мы, беларусы, можам застацца, як заўсёды, „з носам“, лепшыя гатэлі будуць для нас задарагія. Трэба іх зараз выкупіць. А за што выкупіць? Разьлічвацца за турпаслугі можна толькі ў валюце, таму што пастаўшчыкі турпаслугаў — гэта нерэзыдэнты. Яны, вядома, хочуць атрымаць валюту не ў канцы сэзону, а зараз. Дзе браць гэтую валюту — вось у чым пытаньне».

Дарэчы, многія турапэратары прымаюць аплату за пуцёўкі ў беларускіх рублях таксама па вышэйшых курсах. На афіцыйным сайце «TEZ-тур» курс на 7 красавіка — 3400. Таму прагноз наконт коштаў адпачынку несуцяшальны, кажа Лілія Кобзік:
Можа быць зусім крайні варыянт кшталту кубінскага — калі валюту наагул прадаваць ня будуць.

«Цэны падвысяцца, таму што будзе неверагодная гульня на курсах, будуць камэрцыйныя курсы. Ня будзем думаць, што, маўляў, ай, рынак лёг, дык цэны будуць маленькія . Цэны будуць ой-ёй-ёй якія! Таму што ўсе будуць глядзець на ўсіх як на нейкую спажыву».

Эканаміст Леанід Злотнікаў наконт прагнозаў на будучыню кажа: «Колькі гадоў мы ішлі да гэтага крызісу! Гэты крызіс не валютны, гэта крызіс усёй беларускай мадэлі разьвіцьця. Зараз сытуацыя няўстойлівая. Можа быць вяртаньне да адміністрацыйнага рэгуляваньня курсу валют, да множнасьці курсаў валют; наадварот, можа адбыцца такі паварот да курсу лібэралізацыі — гэта значыць, хто больш дасьць, той і будзе купляць гэтую валюту, і ўсталюецца курс даволі высокі. Можа быць зусім крайні варыянт кшталту кубінскага — калі валюту наагул прадаваць ня будуць».

Кіраўнік навукова-мэтадычнага цэнтру Беларускай асацыяцыі банкаў Фэлікс Чарняўскі, што да зьяўленьня множнасьці курсаў і прагнозу на будучыню, выказаў такое меркаваньне:

«Высокія абменныя курсы зьвязаныя, вядома ж, з абмежаваньнямі. Калі будзе праведзеная палітыка дэвальвацыі, павышана стаўка рэфінансаваньня, каб прыціснуць інфляцыю (таму што дэвальвацыя заўсёды вядзе да інфляцыйных працэсаў) і абмежаваныя будуць сродкі, то, думаю, зноў усталюецца адзіны курс і ўнутраная канвэртавальнасьць беларускага рубля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG