Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горках прадпрымальнік абвясьціў галадоўку, каб яму выплацілі заробленае


Выплаты заробленага патрабуе прадпрымальнік з Горак Андрэй Бажко ад перасоўнай мэханізаванай калёны № 1 райцэнтру. Ён абвясьціў галадоўку і стаў з плякатам ля ўваходу ў дзяржаўнае прадпрыемства.

Як сьцьвярджае Андрэй Бажко, цягам паўгода ПМК не разьлічваецца за працу, якую выканала яго прыватнае прадпрыемства на ўмовах субпадраду.

«Кіраўніцтва ПМК матывуе нявыплату нам грошай тым, што зь ім не разьлічваецца акцыянэрнае таварыства „Александрыя“. Мы займаліся ўнутраным аздабленьнем катэджаў. Шпалеры клеілі, фарбавалі падлогу і гэтак далей. У мяне за паўгода вырасла запазычанасьць перад маімі работнікамі. Я прасіў кіраўніцтва ПМК, каб яны пералічылі хоць колькі грошай, каб выплаціць заробкі людзям. У мяне няма іншага выйсьця, як абвясьціць галадоўку й стаць з плякатам ля ўваходу ў ПМК. Яны прызнаюць, што вінаватыя мне, але нічога ня робяць, каб разьлічыцца. Калі я ня выплачу заробкі людзям, мною зоймецца падатковая інспэкцыя», — тлумачыць сытуацыю Андрэй Бажко.

Акцыю сваю прадпрымальнік распачаў а 17-й гадзіне, калі прыехала кіраўніцтва ПМК.

«Да мяне падышоў начальнік ПМК і сказаў, што гэта выглядае сьмешна. І параіў ісьці мне на плошчу Леніна, да райвыканкаму — маўляў, такія пытаньні ён не разглядае. І пайшоў на нараду.

Яшчэ непадалёк ад мяне стаіць службовая машына з двума супрацоўнікамі міліцыі. Пакуль нічога ня робяць. У руках я трымаю плякат: „ПМК-1, аддайце заробленае. Хачу есьці“. Буду стаяць, пакуль не забяруць адсюль».

Ля ўваходу ў ПМК Андрэй Бажко прастаяў гадзіну. Калі начальства прадпрыемства сышло, ён вырашыў таксама згарнуць свой пікет. Заўтра зранку прадпрымальнік абяцае зноў прыйсьці да ПМК і працягнуць акцыю.

Паводле рэдактаркі горацкай незалежнай газэты «Ўзгорак» Галіны Буднай, кіраўнік ПМК паабяцаў заўтра даць журналістам свае тлумачэньні сытуацыі з прыватным прадпрыемствам Андрэя Бажка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG