Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ЧАСАМ ДАЖДЖЫ, МЕСЦАМІ НАВАЛЬНІЦЫ...


Уначы 4 – 10°С, удзень 8 –14°С, на поўдні да 18°С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прэсавая канфэрэнцыя з нагоды выхаду новага альбому этна-трыё «Тройца» (Менск, рэстаран «Камяніца», вул. Першамайская, 18, 15.30).

Прэзэнтацыя 9-га нумару часопісу "Паміж", выдаванага навучэнцамі Беларускага калегіюму. Падчас прэзэнтацыі з сваімі творамі і перакладамі выступяць Андрэй Пакроўскі, Кірыл Дубоўскі, Анка Ўпала, Натальля Давыдоўская, Павел Анціпаў, Максім Казакоў, Міхаіл Бараноўскі, Наста Манцэвіч, Сяргей Сакума, Ірына Барысевіч ды іншыя (Менск, кнігарня «логвінаЎ», пр. Незалежнасьці, 37а, 19.00).

Расейскі гурт «Машина времени» выступіць у Палацы Рэспублікі з праграмаю юбілейнага туру, прымеркаванага да 40-годзьдзя гурту (Менск, 18.30).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Кіргізстане пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да ўгодкаў рэвалюцыі 7 красавіка 2010 году. У Бішкеку правядуць мітынг-рэквіем памяці ахвяраў леташніх падзеяў.

У Баку пачнецца Ўсясьветны форум па міжкультурным дыялёгу.

Міністры эканомікі і фінансаў краінаў Эўразьвязу зьбяруцца ў Будапэшце на нефармальнае паседжаньне.

Сусьветная гандлёвая арганізацыя абнародуе ў Жэнэве даклад аб паказьніках гандлю ў сьвеце ў 2010 годзе і прагнозах на 2011 год.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Сусьветны дзень здароўя.

У праваслаўных – Дабравешчаньне.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1559 годзе мястэчка Крэва атрымала магдэбурскае права. У сярэднявеччы Крэва ня раз было месцам важных падзеяў эўрапейскай гісторыі. Сёньня гэта вёска Смаргонскага раёну, дзе толькі руіны замку нагадваюць пра былую славу.

У 1917 годзе ў Менску адкрыўся Зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў. 150 дэлегатаў зьезду павінны былі выпрацаваць праграму беларускага руху. У выніку дэлегаты стварылі Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Раманам Скірмунтам, пастанавілі заснаваць Беларускі ўнівэрсытэт і перавесьці ўсю пачатковую адукацыю ў Беларусі на родную мову.

У 1965 годзе Ўладзімер Караткевіч напісаў першыя радкі свайго раману “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Працу над творам пісьменьнік пачаў у Чалябінску, дзе гасьцяваў у сваёй сястры.

7 красавіка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет беларускі архітэктар Караль Падчашынскі, які будаваў палацы, вучэльні і гімназіі; пісьменьнік і грамадзкі дзяяч Язэп Дыла і паэтка Ларыса Геніюш.

7 красавіка нарадзіліся ангельскі паэт Уільям Уордсуарт, чылійская паэтка, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Габрыэла Містраль, стваральнік і дырэктар ЦРУ Ален Далес, кіраўнік Беларусі ў хрушчоўскую пару Кірыл Мазураў і амэрыканскі кінарэжысэр Фрэнсіс Копала.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Катынь: “беларускі сьпіс”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Быць — то на ўласную сьцежку ступіць,
На сілы свае спадзявацца.
Не апірайцеся на стаўпы,
Удзел ўсіх стаўпоў — хістацца!


Ларыса Геніюш. Быць
XS
SM
MD
LG