Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’ю вязьня выключылі з жыльлёвага таварыства


Андрэй Саньнікаў знаёміцца са справай 5 дзён запар уключна з выходнымі. Асуджанаму за Плошчу грамадзяніну Расеі Арцёму Брэўсу не падоўжылі рэгістрацыю ў Менску. Сям’ю былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага выключылі з таварыства забудоўшчыкаў жылога дома. Наста Палажанка скончыла азнаямленьне з крымінальнай справай.

Андрэй Саньнікаў
Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў працягвае знаёміцца з крымінальнай справай, паводле якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Маці палітыка Ала Саньнікава кажа, што азнаямленьне вядзецца 5 дзён запар безь перапынку на выходныя:

«Субота, нядзеля, панядзелак, аўторак… Сёньня ўжо пяты дзень. Відаць, там прысьпешваюць, бо і на выходных азнаямленьне не спыняецца».

6 красавіка ў Алы Саньнікавай прынялі для сына перадачу ўключна з усімі прадуктамі, якія не прымалі цягам двух тыдняў. З гэтага маці зрабіла выснову, што сыну палягчэла са здароўем. Нагадаю, працяглы час Андрэю Саньнікаву было дазволена перадаваць толькі дыетычныя харчы. Зь лістоў вязьня было вядома, што ў яго абвастрылася хвароба суставаў. Лісты ад сына Ала Саньнікава атрымлівае рэгулярна:

«Піша, што ўжо далі яму асобнае спальнае месца. Праўда, я гэтага не разумею — як так? Што, раней яго прымушалі спаць на падлозе і толькі зараз выдзелілі асобны ложак?»

Арцём Брэўс
Грамадзяніну Расеі Арцёму Брэўсу адмовіліся працягнуць рэгістрацыю ў Менску. 10 сакавіка Маскоўскі суд Менску прызнаў Брэўса вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пакараў вялікім грашовым штрафам. Назіральнікі не выключалі, што мяккае ў параўнаньні з турэмнымі тэрмінамі іншым удзельнікам Плошчы пакараньне тлумачыцца заступніцтвам Расеі і тым, што суд супаў зь візытам у Менск расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна. Адмова працягнуць рэгістрацыю азначае для Арцёма Брэўса, што зь Беларусі ён мусіць зьехаць у Расею, дзе ў яго няма сваякоў. Як паставіліся да гэтай навіны ў расейскай амбасадзе, якая шмат дапамагала Арцёму Брэўсу падчас ягонага арышту і суду?

«Мы толькі зараз пра гэта даведаліся, будзем высьвятляць падрабязнасьці. Але ў любым выпадку гэта выключна беларускія справы — працягваць рэгістрацыю ці не», — адказаў «Свабодзе» супрацоўнік амбасады Расеі. Зьвязацца з Арцёмам Брэўсам наконт гэтай праблемы не ўдалося. Пасьля суду малады чалавек заяўляў, што мае намер і далей жыць у Беларусі.

Аляксандар Класкоўскі
Сям’ю былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, якога трымаюць у СІЗА КДБ паводле справы 19 сьнежня, выключылі з таварыства забудоўшчыкаў дома ў менскім мікрараёне Каменная Горка. Прычына — Класкоўскія не пасьпелі адкрыць крэдытную лінію і своечасова ўнесьці грошы на будаўніцтва кватэры. Жонка Класкоўскага Натальля кажа, што затрымка здарылася не зь яе віны: з прычыны сьледзтва над мужам не ўдалося перааформіць неабходныя дакумэнты:

«Кажу: я ж вас папярэджвала, што не пасьпяваю. Адказваюць: ну і што, што папярэджвалі? Трэба было прадставіць генэральную даверанасьць. Кажу: дык я ж не вінаватая, што мне гэтую даверанасьць не аддавалі. Пры чым тут я? Мне сьледчы яе не даваў. Казаў — то яе няма, то яна ў КДБ, званіце і высьвятляйце. Званю — і там таксама няма. У выніку, пакуль аддалі… А аддалі толькі ў канцы мінулага тыдня. Ужо было позна. Ужо выключылі нас».

У сям’і Класкоўскіх трое малых дзяцей 12, 7 і 2 гадоў. Сям’я жыве на жыльлёвай плошчы сваякоў. Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі абвінавачаны ня толькі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, але і ў прысваеньні ўлады — на плошчу Незалежнасьці 19 сьнежня Класкоўскі прыйшоў у міліцэйскай форме, хоць быў ужо звольнены зь міліцыі.

Наста Палажанка
Паводле бацькі актывісткі «Маладога фронту» Насты Палажанкі, яна ўжо скончыла азнаямленьне з матэрыяламі справы.

Жонка Алеся Арастовіча паведаміла, што яго некалькі разоў выклікалі на допыты, але азнаямленьне са справай яшчэ і не пачыналася. Актывіст штабу Міколы Статкевіча Алесь Арастовіч быў вызвалены з «амэрыканкі» пад падпіску пра нявыезд прыблізна ў адзін час з Настай Палажанкай. Шмат хто зь фігурантаў справы 19 сьнежня кажа, што пакуль немагчыма прадказаць лёгіку сьледзтва, якое адны справы ўжо накіравала ў суд, а некаторыя яшчэ расьсьледуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG