Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан: угодкі, магчыма, рэвалюцыі


Кіргізстан рыхтуецца адзначыць гадавіну красавіцкай рэвалюцыі, у выніку якой у краіне зьмянілася ўлада. Роўна год таму, 7 красавіка 2010-га, у кіргіскай сталіцы здарыліся масавыя сутыкненьні паміж сіламі ўлады і яе апанэнтамі.

У выніку процістаяньня загінулі 90 чалавек, больш за 300 атрымалі раненьні. Мітынгоўцы штурмам узялі будынак ураду, пасьля чаго ўлада перайшла ў рукі апазыцыі. Былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў пакінуў краіну, пасяліўшыся на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.

Экспэрты і грамадзкасьць Кіргізстану ня могуць вызначыцца: 7 красавіка – гэта Дзень смутку па палеглых або Дзень народнай рэвалюцыі. На думку саміх пацярпелых і прэзыдэнта пераходнага пэрыяду Розы Атунбаевай, якая падпісала ўказ аб сьвяткаваньні гадавіны рэвалюцыі, гэты дзень мае гістарычную каштоўнасьць, бо пасьля 7 красавіка мінулага году ў Кіргізстане адбыліся карэнныя зьмены ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня. Некаторыя праваабаронцы і палітолягі лічаць, што рэвалюцыя не дасягнула сваіх мэтаў праз тое, што ва ўладзе па-ранейшаму засталіся асобы, набліжаныя да экс-прэзыдэнта Бакіева, а вінаватыя ў загубе цывільных грамадзянаў дасюль ня вызначаныя.

Для адзначэньня гадавіны красавіцкіх падзеяў у Кіргізстане створаны спэцыяльны камітэт. Ужо вядома, што 7 красавіка на галоўным пляцы сталіцы будзе арганізаваная фотавыстава, прысьвечаная леташнім падзеям, паказ тэматычных фільмаў, а ўвечары, магчыма, адбудзецца фаервэрк у гонар удзельнікаў тых падзеяў, уганараваных званьнем «Герой красавіцкай народнай рэвалюцыі». Самі ўдзельнікі маюць намер правесьці на плошчы ў Бішкеку памінальныя абеды і малітвы.

«
З красавіка на плошчы будуць стаяць юрты – 12 штук, бо менавіта ў гэты дзень усё адбылося. Людзі могуць прыходзіць, зачытваць Каран, памінаньні
», – расказаў кіраўнік аб'яднаньня сваякоў загінулых і пацярпелых Асунбек Жамансарыеў.

Пра тое, што новыя забурэньні магчымыя сёлета, гаварыў старшыня Дзяржкамітэту нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану Кенешбек Душабаеў у выступе перад журналістамі. Свае асьцярогі ён зьвязваў з тым, што ў краіне напярэдадні прызначаных на восень прэзыдэнцкіх выбараў можа вырасьці палітычная напружанасьць. Аднак людзі, якія маюць намер выйсьці на плошчу 7 красавіка і зладзіць там памінальныя мерапрыемствы, запэўнілі, што не плянуюць мітынгаў і пікетаў.

«Калі нехта будзе ісьці на плошчу з мэтаю арганізаваць там непарадкі, то гэта могуць быць толькі правакатары, – працягвае Жамансарыеў. – А мы разам зь іншымі грамадзкімі аб'яднаньнямі настроеныя памянуць 7 красавіка палеглых і адзначыць перамогу рэвалюцыі».

Даць ацэнку красавіцкай падзеям мінулага году ў Кіргізстане спрабавалі шматлікія міжнародныя і мясцовыя экспэрты. Паводле кіраўніка кіргіскага праваабарончага цэнтру "Грамадзяне супраць карупцыі" Талекан Ісмаілавай, 2010 год для грамадзянаў краіны быў самым драматычным і трагічным, а пацярпелыя і ахвяры красавіцкіх падзеяў не атрымалі належнай увагі, таму што дасюль не ўстаноўлены сапраўдныя прычыны таго, што сталася, і не пакараныя вінаватыя ў загубе цывільных людзей:

Дагэтуль мы ня можам зрабіць канчатковых высноваў адносна таго, што ж было ў красавіку 2010 году. Мы асьцерагаемся, што цяперашняя ўлада і парлямэнцкая сыстэма вельмі слабыя, таму што ў іх не было плятформы і выразных стратэгіяў для перамен
«Дагэтуль мы ня можам зрабіць канчатковых высноваў адносна таго, што ж было ў красавіку 2010 году. Мы асьцерагаемся, што цяперашняя ўлада і парлямэнцкая сыстэма вельмі слабыя, таму што ў іх не было плятформы і выразных стратэгіяў для перамен. Кожная група змагаецца за ўладу і рэсурсы, а асноўныя правы і свабоды дасюль топчуцца, таму што ахвяры тых падзеяў тысячамі ходзяць па вуліцах Бішкеку, па ўсёй краіне, і ня могуць знайсьці справядлівасьці».

Рознагалосьсі і супярэчнасьці ўнутры дзейнай улады Кіргізстану палітоляг Тамерлан Ібраімаў назваў нармальным працэсам у той час, калі ў краіне выбудоўваецца новая сыстэма кіраваньня – парлямэнцкая. Пры ўсіх супярэчнасьцях Ібраімаў лічыць вынікі рэвалюцыі 7 красавіка 2010 году станоўчымі, бо была разбураная аўтарытарная вэртыкаль улады:

«Па эканамічных паказчыках назіраецца адкат – давер да кіргіскай эканомікі, як ва ўнутраных, так і ў замежных інвэстараў вельмі моцна зьнізіўся. Што ж да палітычных зьменаў, то тут я бачу больш станоўчых бакоў, парлямэнцкая сыстэма пачынае паступова працаваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG