Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўкі пратэсту: Каваленка, Малалеткін, Будзімір


Сяргей Каваленка з жонкай і сынам

Сяргей Каваленка з жонкай і сынам

У сераду галадоўкі пратэсту з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў у Беларусі працягваліся ў Менску й Воршы. Віцебскі галадоўнік Сяргей Каваленка яшчэ ў мінулы панядзелак быў перамешчаны з ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе ён знаходзіўся пад арыштам, у віцебскі гарадзкі шпіталь.

Іншыя падрабязнасьці пра акцыі пратэсту і іхніх удзельнікаў паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ВІЦЕБШЧЫНА


Сям'я Сяргея Каваленкі зьвярнулася са скаргай у пракуратуру. Апазыцыянэра тым часам ратуюць кардыёлягі.

Віцебскі апазыцыянэр Сяргей Каваленка змушаны часова прыпыніць галадоўку. 4-га сакавіка на 10-я суткі галадаваньня яму спатрэбілася тэрміновая мэдычная дапамога ў кардыялягічным аддзяленьні віцебскага гарадзкога шпіталя..

У сераду пра стан здароўя Сяргея паведаміла "Свабодзе" Алена Каваленка, жонка актывіста КХП БНФ:

"Схуднелы, няголены… Канечне, 10 дзён адгаладаваў… Замучаны такі… Яго ж яшчэ ў штрафную камэру пасадзілі. Раз парушэньне ў яго ідзе — значыць, у штрафную! Там дужа цяжкія ўмовы ўтрыманьня — нават падушкі няма, нічога! Прагулак няма. Канечне, ён ня дужа добра пачуваецца. Ляжыць у шпіталі пакуль што".

Алена Каваленка распавяла, што да Сяргея прыходзіў наняты сям’ёй адвакат. Як высьветлілася, калі па актывіста прыехала "хуткая дапамога", то ў ізалятары часовага ўтрыманьня не было афіцыйных пацьвярджэньняў, на якой падставе Сяргей Каваленка ўтрымліваецца пад вартай. Яму так і ня выдалі пастанову на арышт на 15 сутак, які ён адбываў з 1 красавіка:

"Неяк незразумела, неяк усё дужа цьмяна з гэтым апошнім затрыманьнем. Мы напісалі скаргу ў пракуратуру".

Сяргей Каваленка гатовы працягваць галадоўку, калі выйдзе са шпіталя і будзе вымушаны вярнуцца ў ізалятар часовага ўтрыманьня, каб дабыць тэрмін 15-суткавага арышту.

Такім чынам яго пакаралі за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня, прысуджанага ў мінулым годзе за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы на віцебскай плошчы Перамогі. Сяргею Каваленку прысудзілі тры гады абмежаваньня волі "ўмоўна", а парушэньнем прызнана яго мінулая акцыя — 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, ён выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі. 25 сакавіка яму прысудзілі сем сутак арышту, і ў той самы дзень ён распачаў галадоўку пратэсту, якую цяпер вымушаны прыпыніць.

Галадоўка Сяргея Малалеткіна ў Воршы будзе доўжыцца 15 сутак.

Сяргей Малалеткін
49-гадовы Сяргей Малалеткін галадуе шосты дзень. Ягоная галадоўка праходзіць пад дэвізам "15 дзён голаду — замест 15 сутак арышту": гэта акцыя салідарнасьці з затрыманымі і асуджанымі пасьля менскіх падзеяў 19 сьнежня.

Спадар Малалеткін пэўны, што 15 сутак арышту — гэта максымальнае пакараньне, якое магло б быць прысуджанае за ўдзел у "несанкцыянаванай акцыі", як гэта кваліфікуецца ў адміністрацыйным заканадаўстве. Таму пакараньні на гады зьняволеньня, якія атрымалі апазыцыйныя актывісты, ён лічыць выключна несправядлівымі.

Падчас галадоўкі Сяргей Малалеткін склаў зварот да Ўладзіміра Пуціна і Дзьмітрыя Мядзьведзева, які мяркуе адправіць у Маскву. Там напісана наступнае: "З болем у сэрцы прашу вас зьдзейсьніць годны мужчынскі ўчынак і перастаць заплюшчваць вочы на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі":

"Я хачу падкрэсьліць, — гэта асабіста маё меркаваньне — што пазыцыя Крамля пасьля падзеяў 19 сьнежня не мужчынская, не валявая. Я ўжо даведаўся адрас прэзыдэнцкай адміністрацыі, накірую ліст і ўкладу туды свой верш, знарок напісаны для гэтага выпадку на расейскай мове:

Черствыми мы не становимся —
В черствых мы превращаемся.
Верно, неискренне молимся,
Верно, не с теми встречаемся,

Все разложив по полочкам,
Мы отвергаем Целое.
Тянется к черному темное,
Тянется к светлому белое.


На здароўе Сяргей Малалеткін амаль ня скардзіцца: толькі адзначае, што на шосты дзень галадаваньня ў яго крыху прыгаломшаны стан. Гэта другая галадоўка ў ягоным жыцьці, першая працягвалася тыдзень. Цяпер ён мяркуе галадаваць на знак салідарнасьці з палітвязьнямі да 15 красавіка.

МЕНСК


Будзімір
Будзімір спадзяецца на кансультацыі мэдыкаў і на іхную дапамогу ў працяглай галадоўцы

У сераду — 8-я суткі бестэрміновай галадоўкі беларускага блогера Будзіміра (Дзьмітрыя Галко). Вось што сёньня ён паведаміў "Свабодзе":

"Нібыта насуперак агульнаму меркаваньню пра намнажэньне цяжкасьцяў у часе галадоўкі, стан майго здароўя паляпшаецца.

Мне было вельмі кепска першыя 3—4 дні. А калі я "пачысьціў" арганізм сольлю з Карлавых Вараў, то пасьля гэтага перастала балець галава. Акрамя таго, п'ю настоі на травах, і ад іх таксама становіцца лепш.

"Фільм "Голад" — трагічны, але павучальны"

Дзьмітрый Галко згадвае пра знакамітую галадоўку 1981 году, якую абвясьцілі ўдзельнікі ірляндзкага рэспубліканскага руху. Такім шляхам яны абаранялі свае правы ў супраціве брытанскаму ўраду.

"Я яшчэ раз перагледзеў фільм "Голад" пра тыя падзеі, Глядзець фільм — цяжка, але карысьць ад гэтага ёсьць".

Запытваю ў Дзьмітрыя: хто цікавіцца ходам яго галадоўкі?

"Наведаў мяне пакуль толькі беларускі палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Ён прыйшоў адразу ў першы дзень, даваў пэўныя парады. Яшчэ цікавяцца журналісты — перадусім з "Нашай Нівы", Радыё Свабода, Эўрапейскага радыё, і, натуральна, сваякі. А больш нібыта ніхто".

Дзьмітры Галко таксама адзначае, што цяпер у яго складаная сытуацыя. Ён галадуе ў арандаванай кватэры, якая далёка ад месца яго рэгістрацыі. Дзьмітры кажа:

"Чыста фармальна цяжка. Лякарня па месцы рэгістрацыі знаходзіцца далёка, да таго ж там цяпер, як я ведаю, вялікія чэргі. А мне ўжо складана вытрымаць доўгую дарогу і марнаваць час. Таму спадзяюся на дапамогу знаўцаў мэдыцыны ці дасьведчаных людзей".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG