Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Грачанікава: За кратамі дапамога хвораму на рак – шклянка кіпеню


Госьця ранішняга эфіру Свабоды ¬– грамадзкая актывістка Тацяна Грачанікава. Сёньня яе кладуць у шпіталь. Лячэньне анкалягічнай хваробы адбываецца са спазьненьнем, паколькі ў прызначаны для плянавай апэрацыі час Тацяна была арыштаваная за Плошчу.

Яшчэ ўвосень летась у Тацяны дыягнаставалі пухліну. Тады яна дапамагала кандыдату на прэзыдэнта Андрэю Саньнікаву падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Напярэдадні выбараў здароўе Тацяны пагоршылася, аналізы былі дрэнныя. Апэрацыю, якой Тацяна чакала некалькі месяцаў, прызначылі на 20 сьнежня. Нягледзячы на гэта, Таццяна пайшла на Плошчу, дзе яе і яе мужа зьбілі. Ёй прысудзілі 15 сутак арышту. Пасьля вызваленьня ёй давялося паўторна здаваць аналізы, што адтэрмінавала аперацыю амаль на два месяцы. Дабраякасная пухліна ператварылася ў злаякасную. Ёй дыягнаставалі рак III ступені.

Ганна Соўсь: Тацяна, ці можна так сказаць, што калі б не арышт за Плошчу, вашай хваробы магло б і ня быць ці яна была ў больш лёгкай ступені?

А тлумачыць не было сэнсу, таму што адзіная мэдычная дапамога, якую аказвалі – прапаноўвалі шклянку кіпеню тым, хто скардзіўся і на ціск, і на іншыя хваробы
Тацяна Грачанікава:
Можна сказаць, што хвароба была б у лёгкай ступені. Бо я знаходзілася на Акрэсьціна, і там былі вельмі жахлівыя ўмовы. Было ўвесь час халодна, спалі на драўляных нарах. Напачатку па некалькі чалавек пад адной коўдрай, потым нам далі яшчэ коўдраў. Увесь час гарэла сьвятло, і ўдзень і ўначы. Удзень сьвятло было цьмянае, камэра вельмі дрэнна асьвятлялася.

Соўсь: Ці вы тлумачылі міліцыянтам, судзьдзю, супрацоўнікам турмы, што вам патрэбная тэрміновая апэрацыя?

Грачанікава: Я пісала скаргу. Я ў судзе ўказвала, што мяне незаконна затрымалі і пісала скаргу на імя судзьдзі, што мяне незаконна затрымалі і меры неадэкватныя. А тлумачыць не было сэнсу, таму што адзіная мэдычная дапамога, якую аказвалі – прапаноўвалі шклянку кіпеню тым, хто скардзіўся і на ціск, і на іншыя хваробы. Я пісала з-за кратаў заяву начальніку турмы аб тым, каб мне далі магчымасьць патэлефанаваць. У гэтым мне таксама адмовілі, як і ў скарзе.

Соўсь: Сярод тых, зь кім вам давялося кантактаваць падчас арышту, былі людзі, якія выказвалі вам спачуваньне, па-чалавечы паставіліся да вас?

Грачанікава: Ахоўнікі пераважна ставіліся нармальна. Але дапамагчы ў мэдычным пляне ніхто ня мог.

Соўсь: Як вы цяпер сябе адчуваеце?

Грачанікава: Чалавек, які праходзіць хіміятэрапію, апраменьваньне, адчувае сябе ня вельмі добра.

Соўсь: Хто вас падтрымлівае цяпер? Якая вам дапамога патрэбная?

Грачанікава: Дзякуй вялікі. Людзі падтрымліваюць, зусім незнаёмыя людзі дапамагаюць мне і парадамі, і грашыма. Вялікі дзякуй.

І калі б апэрацыю сваечасова зрабіла, канечне, усё магло быць інакш
Соўсь:
У траўні падчас ператрусаў у актывістаў кампаніі “Гавары праўду” праваахоўныя ворганы канфіскавалі ў палітоляга Сьвятланы Навумавай грошы, якія яна і яе сбяры зьбіралі на складаную апэрацыю на нырках. 10 сакавіка яна памерла. Як вы лічыце, ці ёсьць віна ўладаў у гэтай сьмерці?

Грачанікава: Я лічу, што ёсьць віна. Па-першае, чалавек нэрваваўся, які прайшоў усё гэта . І калі б апэрацыю сваечасова зрабіла, канечне, усё магло быць інакш.

Соўсь: Каго вы вінаваціце ў тым, што адбылося? Ці пайшлі б вы на Плошчу яшчэ раз, ведаючы, што так адбудзецца?

Грачанікава: На Плошчу я напэўна, пайшла б у любым выпадку, таму што я ўдзельнічала ў гэтай кампаніі і не пайсьці на Плошчу я не магла. Вінаваціць я магу і нашыя праваахоўныя органы, якія мяне незаконна затрымалі.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG