Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бандарэнка: Патрабаваць кампэнсацыю з судзьдзяў за несправядлівыя прысуды


Пракуратура вынесла пратэст на рашэньне Менскага гарадзкога суду аб прызнаньні невінаватым прадпрымальніка і палітыка Андрэя Бандарэнкі. 22 сакавіка суд прыняў рашэньне апраўдаць і вызваліць з-пад варты актывіста АГП Андрэя Бандарэнку з прычыны ягонай невінаватасьці і адсутнасьці ў ягоных дзеяньнях складу злачынства.

Галіна Абакунчык:
Пра вашую невінаватасьць і пра вашае вызваленьне з-пад варты было абвешчана 22 сакавіка. Дзе былі і чым займаліся ўвесь гэты час?

І калі казаць пра 19 сьнежня, то там у калёніі гэтую падзею многія ўспрынялі, як трагічную для Беларусі
Андрэй Бандарэнка:
Увесь гэты час я прысьвяціў сям'і: быў дома ў свайго таты, разам з жонкай і дачкой. Нязвыкла было ранкам бачыць дачку і жонку, нязвыкла было не сьпяшацца на пастраеньні. Само па сабе, што калі ты два гады ня бачыш дзіцяці, а зараз увесь час чуеш ад яго – тата, тата – гэта не перадаць словамі…. Пасьпеў крыху адчуць сябе вольным чалавекам. Тым часам, пракуратура да 1 красавіка вынесла пратэст на прысуд Менскага гарадзкога суду. Бліжэйшымі тыднямі стане вядома, калі Вярхоўны суд, як касацыйная інстанцыя, разгледзіць гэты пратэст. Будзем спадзявацца, што Вярхоўны суд пакіне гэты прысуд бязь зьмены.

Абакунчык: Што вы ведалі ў турме пра падзеі, зьвязаныя з выбарамі і як вы гэта ўсё ацэньваеце?

Бандарэнка: Былі пэўныя цяжкасьці інфармацыйнага пляну, калі я быў у СІЗА на Валадарскага – чамусьці туды не прапускалі газэты. Калі ж знаходзіўся непасрэдна ў калёніі, то ніякіх забаронаў там не было і больш-меньш валодаў інфармацыяй пра тое, што адбываецца. І калі казаць пра 19 сьнежня, то там у калёніі гэтую падзею многія ўспрынялі, як трагічную для Беларусі. І тыя людзі, якія апынуліся за кратамі, у тым ліку за старшыня АГП Анатоль Лябедзька, мы зараз будзем прыкладаць усе намаганьні для іх вызваленьня.

Абакунчык: А сваё вызваленьне вы з чым зьвязваеце?

Бандарэнка: Тут можна выказваць шмат розных вэрсій, але дакладна зараз сказаць цяжка – час усё раставіць па сваіх месцах.

Абакунчык
: Вашае знаходжаньне ў турме – якім яно было? І што вы можаце сказаць пра тыя заявы, якія зрабіў Алесь Міхалевіч па сваім выйсьці з турмы КДБ?

я лічу, што матэрыяльную кампэнсацыю было б нядрэнна браць з тых судзьдзяў, якія выносілі несправядлівыя прысуды – у тым ліку – судзьдзі Першамайскага суду
Бандарэнка
: Сама па сабе турма – тая сыстэма, якая зараз існуе – яна накіраваная на тое, каб зламаць чалавека. І для гэтага ламаньня ёсьць пэўныя мэтады, якія выкарыстоўваюць супрацоўнікі СІЗА і супрацоўнікі калёніі. Тое, што заявіў Алесь пра катаваньні – я не магу гэта зьняпраўджваць. Нікому не сакрэт, што сёньня ў СІЗА – асабліва гэта тычыцца Жодзіна, Віцебска – асуджаных зьбіваюць. Мяне зьмяшчалі ў камэру, якая цалкам была пабеленая – нават унітаз. Пры гэтым, папярэдне зь яе прыбіралі венік ці якія анучы. Даводзілася рваць якія рушнікі, што былі з сабой, каб як з гэтым змагацца. У дадатак да гэтага, што тычыцца Валадаркі, то ўмовы ўтрыманьня тут цалкам непрымальныя: камэры перапоўненыя, тэмпература дасягае 50 градусаў, і яны не праветрываюцца. І пры гэтым казаць, што катаваньняў няма? Я больш бы пагадзіўся з Алесем і гатовы падцьвердзіць, што так, насамрэч адміністрацыі дзейнічаюць такімі мэтадамі. Гэта праблема, якую мы – АГП і я – як чалавек, які парайшоў гэтую сыстэму – мы будзем падымаць і дамагацца, каб гэта было спыненае.

Абакунчык: Тое, пра што вы кажаце, вы прайшлі у той час, калі былі невінаватым чалавекам. Ці будзеце дамагацца матэрыяльнай кампэнсацыі маральных, фізычных і матэрыяльных стратаў?

Бандарэнка: Пасьля таго, як будзе рашэньне суда вышэйшай інстанцыі і прысуд набудзе сваю законную сілу, калі гэта дазволіць заканадаўства, то, натуральна, як грамадзянін РБ, я скарыстаюся гэтым правам. Але адначасна, я лічу, што матэрыяльную кампэнсацыю было б нядрэнна браць з тых судзьдзяў, якія выносілі несправядлівыя прысуды – у тым ліку – судзьдзі Першамайскага суду. Таксама павінны несьці адказнасьць галоўны рэвізор КРУ Мінфіна Пратасевіч Генадзь Паўлавіч, які склаў акт рэвізіі прадпрыемства і на базе гэтай рэвізіі мне было выстаўлена абвінавачваньне. А ў працэсе сьледзтва стала вядома, што ў Пратасевіча няма адпаведнай адукацыі. Якім чынам ён апынуўся ў КРУ Мінфіна і прычым галоўным рэвізорам? Я думаю, што галоўным чынам пытаньні ня толькі і ня гэтулькі да дзяржавы, а пытаньні да тых людзей, якія прымалі гэтыя некампэтэнтныя рашэньні.

Абакунчык: Ці можаце сказаць пра свае пляны на бліжэйшую будучыню?

Бандарэнка: Самае галоўнае, чаму я сябе прысьвячу – гэта спрыяньне таму, каб найхутчэй быў вызвалены Анатоль Лябедзька. І ведаючы гэтую сыстэму знутры, ведаючы колькі людзей асуджаныя беспадстаўна, будзем прыкладаць усе намаганьні для іх падтрымкі – гэта асноўны накірунак, якім хацелася б займацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG