Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 красавіка вядомаму беларускаму асьветніку і навукоўцу Барысу Кіту спаўняецца 101 год. Барыс Кіт – былы дырэктар Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназіяў, амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Напярэдадні гэтай даты Барыс Кіт выказаў падтрымку беларускім палітвязьням.

Ніякіх асаблівых урачыстасьцяў на свой 101-ы дзень народзінаў Барыс Кіт не плянуе, ён зьбіраецца сустрэць сьвята ў вузкім коле блізкіх і сяброў у нямецкім Франкфурце-на-Майне, дзе жыве апошнім часам.

Рыхтую кнігі, усялякія свае рэчы, якія пляную выслаць у мой музэй у Наваградак
Спадар Кіт па-ранейшаму імкнецца весьці актыўны лад жыцьця, хаця, як кажа, здароўе ў яго ўжо слабое:

"Згодна з маім узростам здароўе ўжо не можа быць моцным. У такім узросьце ўсе людзі робяцца слабымі. Гэта натуральна. Ужо, ведаеце, не магу хадзіць, вельмі мала хаджу. Хваробы мае зьвязаныя з узростам – усё прычэпліваецца… Але яшчэ мацуюся!"

Нягледзячы на гэта Барыс Кіт актыўна цікавіцца, што адбываецца ў Беларусі, ЗША і іншых краінах,:

"Чытаю, што магчыма, але робяцца слабымі вочы. Шмат не магу ўжо чытаць. Рыхтую кнігі, усялякія свае рэчы, якія пляную выслаць у мой музэй у Наваградак".

Вельмі сумна, што так робіцца на Беларусі. Гэта прыпамінае мне мае гады, калі я жыў у Польшчы, і таксама сядзеў у турмах
Сябры Барыса Кіта ў Менску да ягонага дня народзінаў зьбіраюцца выпусьціць кнігу, падрыхтаваную пасьля ягонага 100-гадовага юбілею. Спадар Кіт кажа, што актыўна падтрымлівае кантакты зь сябрамі ў Беларусі, і што цяпер ён вельмі занепакоены тым, што адбываецца на Бацькаўшчыне, тым, як разгарнулася хваля рэпрэсіяў, тым, што многія актывісты знаходзяцца ў турмах або падаліся ў эміграцыю, хаваючыся ад перасьледу:

"Вельмі сумна, што так робіцца на Беларусі. Гэта прыпамінае мне мае гады, калі я жыў у Польшчы, і таксама сядзеў у турмах. Але выжыў. Два разы сядзеў пры польскай уладзе і адзін раз – пры нямецкай, у Глыбокім, у камэры сьмяротнікаў... Вельмі сумна і дрэнна гэта, але такі, відаць, наш лёс беларускі – заўсёды даводзіцца сядзець у турмах. Ніяк не можа Беларусь трапіць у добры час. На Ўкраіне трошкі лепей і лягчэй, таксама як і ў Польшчы, яны выйшлі наперад, узьняліся. А Беларусь яшчэ ня можа ніяк…"

Сёньня, калі Барыса Кіта чакаюць шматлікія віншаваньні і пажаданьні з нагоды 101-га дня народзінаў, ён выказаў і свае пажаданьні землякам, асабліва тым, хто знаходзіцца ў турэмных засьценках:

"Жадаю самага найлепшага шчасьця ва ўсім: у прыватным жыцьці, і ў змаганьні за нашую краіну! Жадаю ім вытрываць цяжкія цярпеньні".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG