Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 красавіка чакаецца прысуд за надпіс “Луку на муку”


У адміністрацыйнай справе студэнткі Гарадзенскага мэдунівэрсітэту Кацярыны Герасімчык адбылося ўжо два паседжаньні. Дзяўчыну вінавацяць у тым, што яна напіса словы “Луку на муку” на пастамэнце помніку Леніна ў Горадні.

Міліцыянты, якія затрымалі Кацярыну Герасімчык і ейную сяброўку Вольгу Багданкевіч у ноч з 11 на 12 лютага побач з помнікам Леніна, у судзе не змаглі адназначна засьведчыць, што надпіс на пастамэнт нанеслі дзяўчаты.

Абодва яны бачылі, што дзяўчаты падымаліся да пастамэнта, але ці яны гэта пісалі – міліцыянты ня бачылі.

Вольга Багданкевіч засьведчыла ў судзе, што яны падняліся на пастамэнт толькі дзеля таго, каб паглядзець, што там напісана. Побач з помнікам ляжаў балёнчык ад фарбы. Кацярына Герасімчык падабрала яго і паклала ў сваю торбу, гэтым самым пакінуўшы на ім свае адбіткі пальцаў.

Напярэдадні Кацярына Герасімчык заявіла, што ня ведае, якога рашэньня суду чакаць у сераду.

І вось судзьдзя тут, канешне, глядзіць з аглядкай на Менск і на тыя праэсы, што там адбываюцца
Герасімчык: “Але ўсё больш і больш я пачынаю думаць, што мне могуць даць суткі. Бо інакш навошта яны перакладаюць з дня на дзень гэтыя суды. Каб яны ведалі, што са мной рабіць, то і ня трэба было так надоўга ўсё гэта зацягваць”.

Праваабаронца Раман Юргель, які прысутнічаў на папярэдніх судовых паседжаньнях, заўважае, што ні ў судзе, ні на месцы здарэньня не было ўстаноўлена, ці маюць дачыненьне да гэтага надпісу затрыманыя дзяўчаты. Юргель перакананы, што гэты працэс палітычны і трэба чакаць палітычнага рашэньня.

Юргель: “Гледзячы на тое, што адбываецца ў Менску, а гэта, заўважце, зьмякчэньне абвінавачваньняў, перакваліфікацыя так званых масавых безпарадкаў на іншыя дзеяньні. І вось судзьдзя тут, канешне, глядзіць з аглядкай на Менск і на тыя праэсы, што там адбываюцца”.

Пры затрыманьні дзяўчаты мелі пры сабе налепкі “Малады фронт” і раздрукоўкі з надпісамі “Свабоду Кіркевічу!”, “Свабоду Няклееву!”, “Свабоду Фядуту!”. Такія налепкі былі расклееныя ў цэнтры Горадні.

За гэта Адміністрацыйная камісія пакаралі дзяўчатаў штрафамі ў памеры 10 мінімальных заробкаў кожную, нягледзячы на тое, што ніхто не засьпеў іх за тым, як яны клеілі гэтыя налепкі.
XS
SM
MD
LG