Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын спаліў на лецішчы пудзіла, самі ведаеце каго»


Актывіста штабу былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева Паўла Вінаградава вінавацяць у злачынстве, у якога скончыўся тэрмін даўніны. Ірына Халіп вярнулася з КДБ. Вязень турмы на «Акрэсьціна» нацбол Яўген Контуш пайшоў на папраўку.

Менская міліцыя паведаміла, што скончыла расьследваньне справы аб падзеях 19 сьнежня, якія яна лічыць спробай дзяржаўнага перавароту з удзелам замежнікаў.

Паводле сьледзтва, «атрыманыя вычарпальныя доказы аб спробе зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь паводле папярэдняй змовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і арганізацый, якія па сутнасьці ставілі за канчатковую мэту дзяржаўны пераварот», — паведамілі 5 красавіка з управы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў.

У міліцыі таксама паведамілі, што супраць некаторых фігурантаў заведзеныя асобныя справы, бо гэтыя людзі «хаваюцца на тэрыторыі замежных дзяржаў». Аднак прозьвішчы тых, хто хаваецца за мяжой, у міліцыі не называюць.


Ірына Халіп
5 красавіка журналістка Ірына Халіп пачала знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы. Жонку былога кандыдат на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле ў іх. Ірыне Халіп пагражае да 3 гадоў калёніі.

Люцына Бяльзацкая пасьля вяртаньня дачкі з КДБ сказала, што вонкава Ірына ніяк не паказала свайго стаўленьня да справы і ўсё ж пэўнымі назіраньнямі маці Ірыны Халіп падзялілася:

«Яна вярнулася зусім не засмучаная. Мяркую, нічога ў іх там няма на яе. Ды і што можа быць? Але ў любым выпадку яна нічога ніколі не пакажа. І лісты з „амэрыканкі“ пісала, што досьлед набывае, і калі прыехала адтуль — тое самае. Ня хоча, каб мы лішні раз турбаваліся».

Для трохгадовага сына Ірыны Халіп Даніка ад’езд маці з дому стаўся нечаканасьцю. За два месяцы хатняга арышту Данік прызвычаіўся, што мама з кватэры не выходзіць, маўляў «хварэе». Што сказалі яму дарослыя ў новай сытуацыі?

«Сказалі, што мама паехала да доктара. Бо яна ж таму і ня можа зь ім выходзіць на прагулкі, бо хварэе. І зараз маму палечыць доктар і яна будзе здаровая».


Павал Вінаградаў
Актывісту штабу былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева Паўлу Вінаградаву выставілі абвінавачаньне ня толькі ва удзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня, але і ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Званю бацьку Паўла Юрыю ў Беразіно.

Карэспандэнт: «Што вам вядома пра новы эпізод абвінавачаньня аб зьнявазе дзяржаўных сымбаляў?»

Юры Вінаградаў: «Гэта было 3 ці 4 гады таму. На лецішчы яны зь сябрамі спалілі пудзіла, самі ведаеце каго. Здымкі сьледчыя знайшлі на жорсткім дыску кампутара Паўла, які забралі падчас ператрусу. Але навошта гэта было патрэбна сьледчым, незразумела. Бо па-першае, пакараньне за гэта пакрываецца пакараньнем паводле асноўнага абвінавачаньня, а галоўнае, як кажа адвакат, тэрмін даўніны гэтага злачынства ўжо мінуў».

Разам з пудзілам быў спалены таксама дзяржаўны сьцяг, прызнаў бацька Паўла Вінаградава Юры.


У турме на Акрэсьціна ўжо 4 дні знаходзяцца актывісты руху нацболаў Яўген Контуш, Ігар Сідарэвіч і Яўген Амелькаў, якіх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі за акцыю пратэсту супраць закрыцьця адзінага рэспубліканскага турэмнага шпіталя. Вядома, што Яўгену Контушу, якога арыштавалі хворага, першыя дні не дазвалялі перадаваць лекі. Якая сытуацыя цяпер?

Сябра актывіста Дзяніс Сахар: «Сёньня справы ў яго ужо лепей. Тэмпэратура спала, яму значна лягчэй. Дазволілі перадаць лекі і ўсе неабходныя сродкі гігіены.»

У ізалятары на Акрэсьціна працягвае сядзець і актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка, якога пакаралі на 15 сутак за вокліч «Жыве Беларусь!» на плошчы Якуба Коласа на Дзень Волі.
XS
SM
MD
LG