Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля адмовы ад дактыляскапіі старшыню гомельскага АГП будуць судзіць


Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

Савецкі райаддзел міліцыі Гомеля ініцыяваў супраць старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова адміністрацыйную справу паводле артыкулу 23.4 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньняў — непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню службовай асобы.

Адпаведны пратакол перададзены ў суд Савецкага раёну, які разгледзіць яго 8 красавіка.

Палякоў: «Міліцыя патрабуе, каб я пагадзіўся здаць адбіткі пальцаў. Натуральна, я адмаўляюся, бо ня маю дачыненьня да тых катэгорыяў людзей, якія абавязаны гэта зрабіць».

Уладзімер Целяпун
Дактыляскапічную рэгістрацыю міліцыя патрабуе прайсьці й грамадзкаму актывісту з Мазыра Ўладзімеру Целепуну. Апошні з гэтай нагоды зьвярнуўся да начальніка мясцовай міліцыі Пятра Зыкуна з заявай, каб ён патлумачыў, куды падзеліся ягоныя адбіткі пальцаў, узятыя ў аддзеле міліцыі ў сакавіку 2006 году.

Акурат тады спадар Целяпун быў кіраўніком у раёне выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Месцазнаходжаньне яго міліцыя вызначыла праз мабільны тэлефон, абвінаваціла ў непадпарадкаваньні і праз суд пакала 5 суткамі арышту.

«Пры афармленні ў памяшканні часовага ўтрымання Мазырскага ГРАЎС былі ўзятыя адбіткі ўсіх пальцаў абедзьвух рук і асабістыя зьвесткі», — канстатуе ў заяве спадар Целяпун.

На падставе Канстытуцыі і артыкула 8 закона «Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі» актывіст хоча ведаць, «куды падзелася дактыляскапічная інфармацыя зь ягонымі зьвесткамі». Заадно нагадвае, што «правядзеньне дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі не павінна ўяўляць небясьпеку для здароўя чалавека, прыніжаць ягоны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG