Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка БХД прайграла суд КДБ


Тацяна Шамбалава

Тацяна Шамбалава

Ленінскі суд Магілёва не задаволіў скаргу актывісткі стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Тацяны Шамбалавай. Шамбалава намагалася скасаваць афіцыйнае папярэджаньне і пастаноўку на прафіляктычны ўлік у КДБ.

Рашэньне суду не задаволіць яе скаргу Тацяна Шамбалава лічыць палітычна матываваным. Яна перакананая, што судзьдзя Андрэй Юрчанка ня мог вынесьці іншага рашэньня, бо справа тычылася дзейнасьці КДБ. Супрацоўнікі гэтай спэслужбы, заяўляе актывістка, так і не далі суду пераканаўчых доказаў, што яна парушала закон:

«Прынесьлі кучу раздруковак з інтэрнэту, ананімных камэнтароў. І гэта нейкія доказы. Гэта ж сьмех. Атрымліваецца, што ў нас для КДБ закон не пісаны. Яны могуць па любой справе дзейнічаць, як хочуць. Выклікаць, запісваць на аўдыё, на відэа без твайго ведама і потым дзе заўгодна выкарыстоўваць гэтыя запісы і яны прымаюцца ў судзе як доказы. Яшчэ раз паказала, што суду ў нас не існуе як такога і КДБ у нас усёмагутны».

Барыс Бухель
Прадстаўнік інтарэсаў Тацяны Шамбалавай праваабаронца Барыс Бухель даводзіў суду, што КДБ, калі вынес папярэджаньне, перавысіў свае паўнамоцтвы, замацаваныя заканадаўствам:

«У дадзеным выпадку КДБ спрабуе прысабечыць насуперак дзейнаму заканадаўству функцыі і міліцыі, і пракуратуры, і Міністэрства юстыцыі. Хаця ў судзе было відаць, што яны гэтымі прафэсійнымі пытаньнямі не валодаюць Тыя артыкулы, якія яны „прышылі“ Шамбалавай — гэта кампэтэнцыя міліцыі альбо пракуратуры».

З прэтэнзіямі скаржніцы прадстаўнік абласной управы КДБ Валеры Арцыкаў не пагадзіўся. Суду ён заяўляў, што актывістка й яе прадстаўнік Барыс Бухель няправільна тлумачаць заканадаўства альбо наўмысна яго скажаюць.

Арцыкаў і ягоны калега Андрэй Махуноў даводзілі: дзейнасьць Шамбалавай можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Маўляў, доказ гэтаму — удзел актывісткі ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі — партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

Пастаноўка на ўлік — гэта папярэджаньне Шамбалавай. Супрацоўнікі КДБ далі зразумець, што калі яна будзе працягваць сваю дзейнасьць, гэта можа прывесьці да крымінальнай адказнасьці.

Барыс Бухель: «Адна з мэтаў нашай скаргі была, каб яны падумалі ў наступны раз і адмовіліся нават ад думкі ставіць незаконна людзей на прафіляктычны ўлік. КДБ фактычна бескантрольная структура, і тут КДБ быў упершыню ў рэальным судовым працэсе. Яны не прывыклі да гэтага. Яна патрацілі шмат часу, сілаў, нэрваў».

І Тацяна Шамбалава, і Барыс Бухель заяўляюць, што працягнуць судзіцца з управай КДБ. Яны ўжо рыхтуюць у Магілёўскі абласны суд скаргу на рашэньне Ленінскага суду Магілеву.
XS
SM
MD
LG