Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адны ў чэргах па валюту, другія – па цукар...


Апанаваныя страхам перад магчымай дэвальвацыяй і рэзкім ростам цэнаў, людзі імкнуцца ўкласьці свае рублі ў што-небудзь больш надзейнае. У некаторых рэгіёнах масава раскупляюць цукар. Амаль ува ўсіх гарадах і мястэчках стаяць у чэргах па даляры. Многія імкнуцца пасьпець купіць ужыванае аўто з-за мяжы.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Ля абменьнікаў — чэргі, а ў абменьніках — пуста

У Берасьці ля абменьнікаў валюты штодня ўтвараюцца вялізныя чэргі. Але свабодна набыць валюту па-ранейшаму немагчыма.

У банках тлумачаць, што попыт перавышае прапанову. Курсы продажу і куплі даляра ўжо перавысілі 3100 рублёў. Меркавалася, што зьявяцца нелегальныя валютчыкі, і дзе-нідзе яны зьявіліся, але валюты няма і ў іх.

Жыхарка Берасьця Марыя Іванаўна лічыць, што сытуацыя на валютным рынку закранула практычна ўсіх гараджан. Такі стан рэчаў жанчына называе недапушчальным:

"Гэты валютны крызіс добра адчуваецца цяпер. Да гэтага часу немагчыма набыць валюту, яе няма ў абменьніках. Я думаю, што гэта вельмі няправільна. Людзі таксама слухаюць нейкія навіны, вераць часта гэтаму. Кажуць, што курс даляра будзе расьці, таму і намагаюцца памяняць беларускія рублі. Разам з тым цяжка з ростам цэнаў. Узяць цэны на грэчку, дык гэта ўжо набалелая тэма. Але неяк спадзяемся на лепшае".

Ірына, якая зьбіраецца выехаць за мяжу, прастаяла колькі гадзін у чарзе, каб набыць каля 200 даляраў ЗША. Паездку давялося перанесьці, каб назьбіраць неабходную суму:

"У такой сытуацыі немагчыма нешта зрабіць. Хацела набыць валюту, але ў банку сказалі, што няма ні даляраў, ні эўра".
На ўсіх пазыцыях або маўчаньне, або замоўчваньне...


Дзьмітры, жыхар Берасьця, кажа, што яго знаёмы амаль тыдзень прастаяў у чэргах каля абменьнікаў, каб набыць даляры і расплаціцца за аўтамабіль, за які нават пакінуў задатак:

"Гэты чалавек нават атрымаў крэдыт у банку ў беларускіх рублях. Але за тыдзень так і ня змог набыць даляраў. Займаў чэргі ў некалькіх абменьніках адразу. Скардзіўся, што не пасьпявае, бо заканчваецца тэрмін задатку, які яму ніхто ня верне".

Мікалай, жыхар Берасьця, кажа, што апошнім часам многія жыхары абласнога цэнтру стараюцца рабіць запасы, каб ня страціць свае сродкі. Суразмоўца лічыць, што адказнасьць за гэтую напружанасьць у грамадзтве нясуць чыноўнікі і ўрад краіны, якія сваім маўчаньнем павялічваюць недавер з боку людзей:

"Чыноўнікі ў нашай краіне, незалежна ад таго, у якой сфэры яны працуюць, нічога не тлумачаць, ці, можа, нават ня ў стане патлумачыць. На ўсіх пазыцыях або маўчаньне, або замоўчваньне".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Так хапалі прадукты пры канцы існаваньня СССР…"

У спальных раёнах Горадні ў некаторых крамах скончыўся цукар. Прычына? Яго бралі дзесяткамі кіляграмаў, наладоўвалі цэлыя багажнікі. Разышліся чуткі, што ён падаражэе практычна ўдвая — да сямі тысяч рублёў. Цяпер каштуе 3600.

У аўторак у цэнтры Горадні ў гандлёвым доме "Нёман" для пакупнікоў ляжалі вялікія блёкі пакункаў цукру-пяску. З вуліцы можна было ўбачыць, як людзі цягнуць цукар у дзьве рукі, прычым нават чыноўнікі. У іншай краме, "Цэнтральнай", таксама гатовыя былі да падвышанага попыту на цукар. У краме мне паведамілі:

"Там, дзе жылыя раёны, ужо ўчора ўвечары не было цукру. А ў нас — не… Я ня бачу цяпер, каб ажыятаж, каб бралі пакункамі. Цукар зноўку прывезьлі, ён ёсьць у наяўнасьці. Бяруць і па два, і па тры кіляграмы, каму трэба — дзесяць бярэ. Але продаж павялічыўся, так, за два апошнія дні — нядзелю і панядзелак".

Ці рыхтуюцца працаўнікі гандлю да падвышэньня цэнаў на цукар?

Спадарыня: "Я нічога не магу вам з гэтай нагоды сказаць, таму што прэйскуранту ў нас няма: калі ён будзе даражэць і што там будзе. Хаця ўчора з упраўленьня гандлю тэлефанавалі ў міністэрства, там сказалі, што ў бліжэйшым часе ніякага падаражэньня цукру не чакаецца. Можа, гэта неяк зьвязана з курсам даляра — вырашылі, што ўсё стане даражэць, а цукар самым неабходным стаў…".

"Узялі заяўку на гарбату, сказалі, што хутка падаражэе"

Прынамсі, імпартаваныя прадукты сапраўды падаражэюць, кажуць у краме:

"Хаця вось, дапусьцім, наконт гарбаты: сёньня прыходзілі агенты, заяўку бралі на гарбату, то сказалі, што падаражэе гарбата. Яны атрымліваюць яе па іншай цане ўжо. Натуральна, што гэта зьвязана з курсам… Крупаў шмат не набярэш, а цукру што? Пастаіць і год, і два. Ну, варэньня ня робяць, але гарбату, каву п’юць з цукрам усё роўна".

Гарадзенка Алена гэта пацьвярджае. Яна набыла трыццаць тры кіляграмы цукру:
Мы, як ідыёты, загрузьлі на гэтых "чыстых вуліцах" з меркаваньнем "абы не было вайны"...


"Я магу сказаць толькі, што я не магу піць каву і гарбату бяз цукру і кладу яго вельмі шмат".

"Нейкі тэатар абсурду: як ідыёты загрузьлі на гэтых "чыстых вуліцах" зь меркаваньнем "абы не было вайны".

Спадарыня Алена згадвае, што так хапалі прадукты пры канцы існаваньня СССР. Тады яна адгаворвала суседзяў, а цяпер сама раптам набрала цукру як падняць. Яна кажа, што беларусы самі выбралі такую мадэль жыцьця:

"Нейкі тэатар абсурду. Тады гэта было эканамічна зразумела, бо прагнілая эканоміка, бо сацыялізм у такім выглядзе ня можа быць, што павінна быць прыватная ўласнасьць. А цяпер атрымліваецца, што ўвесь сьвет крочыць наперад, постсавецкую прастору я маю на ўвазе. Я вось толькі з Расеі прыехала. Так ці інакш, яны рухаюцца наперад, хай малымі крокамі. Мы, як ідыёты, загрузьлі на гэтых "чыстых вуліцах" з меркаваньнем "абы не было вайны". Трызьненьне нейкае!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG