Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бадзей: без дэвальвацыі рубля эканоміцы Беларусі пагражае каляпс


Георгі Бадзей

Георгі Бадзей

Эканоміка Беларусі мае патрэбу ў тэрміновай дэвальвацыі курсу нацыянальнай валюты. Пра гэта заявіў старшыня бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгі Бадзей.

У інтэрвію Інтэрфаксу ён заявіў, што дэвальвацыя будзе спрыяць стварэньню пазабіржавага валютнага рынку і выхаду з валютнага крызісу.

"Уведзены Нацбанкам мараторый на якія-колечы дзеяньні — гэта спроба схавацца ад разьвязваньня праблем. Можна вітаць заявы банку пра тое, што яны будуць ствараць пазабіржавы рынак, але трэба ствараць і ўмовы, пры якіх ён будзе працаваць. А такая ўмова адна — дэвальвацыя рубля. Рубель трэба адпусьціць у свабоднае плаваньне", — заявіў Бадзей.

Ён адзначыў, што ўжо сёньня шмат якія прамысловыя прадпрыемствы вымушаныя замарозіць рэалізацыю сваіх інвэстыцыйных праграмаў і закуп сыравіны і абсталяваньня па імпарце.

"Такое становішча ня можа быць бясконцым, яно не працягнецца і месяца. Зараз паказальныя для прамысловасьці нават некалькі дзён. Усё гэта можа прывесьці да каляпсу ня толькі ў вытворчасьці, але і ў цэлым на рынку", — лічыць Бадзей.

Ён таксама ня выключыў магчымасьці дэфолту. "Дэфолт — гэта вельмі балюча для насельніцтва, але вельмі карысна для прамысловасьці, якая атрымлівае ў гэтых умовах шокавы штуршок да разьвіцьця", — сказаў Бадзей.
XS
SM
MD
LG