Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка ня стаў “эўрапейскім Назарбаевым”?


У якой ступені сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане былі свабодныя і справядлівыя? Чаму апазыцыя не выступала з пратэстамі? У чым адрозьненьні сытуацыяў у Беларусі, у Эгіпце і ў Казахстане? Ці прыме Захад нейкія меры пакараньня адносна Назарбаева?

Гэтыя тэмы ў “Экспэртызе Свабоды” абмяркоўваюць палітоляг Сяргей Богдан і аналітык нашага радыё Мэрхат Шарыпжанаў.

Дракахруст
: Мэрхат, наколькі нядзельныя выбары ў Казахстане былі свабодныя і справядлівыя? Ці былі яны хаця б больш справядлівымі ў параўнаньні з папярэднімі?



Шарыпжанаў
: Гэтыя выбары, безумоўна, адрозьніваліся ад папярэдніх. Назарбаеў прыйшоў да гэтых выбараў з прыктычна вытаптаным палітычным полем, зачышчаным ад любой апазыцыі.

Мінулыя выбары 2005 году суправаджаліся дзьвюма трагедыямі. За месяц да выбараў 2005 году адзін з асноўных апанэнтаў Назарбаева, былы мэр Алматы, былы міністар па надзвычайных сытуацыях Заманбэк Нуркадзілаў быў знойдзены дома застрэленым, зь дзьвюма кулявымі раненьнямі ў грудзі і адным у галаву. А праз паўтара месяца пасьля выбараў другі надзвычай моцны канкурэнт Назарбаева, былі міністар друку, былы пасол Казахстану ў Расеі Алтынбэк Сарсэнбаеў быў забіты. Ён і два ягоныя памочнікі былі выкрадзеныя, потым іх целы знайшлі ў прыгор'ях Алатау. Забойства Сарсэнбаева аслабіла казахстанскую апазыцыю ў разы.
Палітычная эліта Казахстану зразумела, што далей совацца нельга, ёсьць сьцяжкі, выстаўленыя Назарбаевым...


Вось гэты сыгнал, мэсыдж палітычная эліта Казахстану прыняла: яна зразумела, што далей совацца нельга, ёсьць сьцяжкі, выстаўленыя Назарбаевым. А паспалітыя людзі зьелі тыя афіцыйныя вэрсіі, якія былі выдадзеныя адносна гэтых забойстваў, і выбралі палітычную стабільнасьць, параўноўваючы сваё жыцьцё з жыцьцём у суседніх Кіргізстане, Таджыкістане, Узбэкістане, Туркмэністане.

Так што гэтыя выбары, можа, нават і былі больш свабоднымі. Але Назарбаеў на іх быў бясспрэчным фаварытам, на выбары не былі дапушчаныя прадстаўнікі нават тых рэшткаў апазыцыі, якія засталіся. Адным з такіх фільтраў быў экзамэн на веданьне казаскай мовы. “Кішэнныя” кандыдаты ў прэзыдэнты ад псэўдаапазыцыі, якія вельмі кепска гавораць па-казаску, гэтыя іспыты прайшлі. А тыя, хто належаў да некішэннай апазыцыі – не.

Так што назваць гэтыя выбары цалкам свабоднымі і справядлівымі я ніяк не магу.

Дракахруст: Сяргей, вось Мэрхат казаў пра казахстанскую стабільнасьць. Але ж у нас перад вачыма – рэвалюцыі ў Эгіпце і ў Тунісе, дзе рэжымы таксама былі строгія. Чаму там так, а ў Казахстане гэтак?

Богдан
: У арабскіх рэвалюцыях адыгрывалі важную ролю два моманты: структуры, якія засталіся яшчэ ад традыцыйнага грамадзтва, і арганізацыі, якім ужо не адзін дзясятак гадоў, як “Браты-мусульмане” ў Эгіпце. Паводле майго перакананьня і майго досьведу, грамадзтва ў арабскім сьвеце менш атамізаванае, чым на постсавецкай прасторы.

Адным з вынікаў савецкага кіраваньня ў Цэнтральнай Азіі было значна большае разбурэньне ўсіх традыцыйных структураў і значна слабейшае пранікненьне заходніх ідэяў, чым тое, што мела месца на арабскім усходзе ў выніку працэсаў мадэрнізацыі, якія там былі таксама гвалтоўныя.
У арабскім сьвеце застаўся "шкілет", на якім пры спрыяльных абставінах мог паўстаць дастаткова масавы рух і магла адбыцца рэвалюцыя...


Насэр у Эгіпце таксама мадэрнізоўваў, таксама садзіў у турмы “Братоў-мусульманаў”, але гэта былі нашмат слабейшыя рэпрэсіі, чым у савецкі час у Сярэдняй Азіі, і гэта было нашмат карацей па часе.

У арабскім сьвеце застаўся "шкілет", на якім пры спрыяльных абставінах мог паўстаць дастаткова масавы рух і магла адбыцца рэвалюцыя. Размова ідзе пра, з аднаго боку, кланы, плямёны, супольнасьці вакол мячэцяў, зямляцтвы і г.д., а з другога боку – пра арганізацыі супраціву, якія таксама абапіраюцца на традыцыйныя каштоўнасьці.

Дракахруст: Мэрхат, у нас перад вачыма падзеі ў Тунісе, у Эгіпце. Там сыстэмы таксама былі даволі строгія, і за дзесяцігодзьдзі палітычнае поле там было вытаптанае нават раўней, чым у Казахстане. Ну вось ёсьць Беларусь, дзе пратэсты ўсё ж былі...

Шарыпжанаў: У Эгіпце асноўная частка насельніцтва жыве за мяжой беднасьці. Ня будзем нават так далёка хадзіць – возьмем суседні з Казахстанам Кіргізстан. Падзеі ў Кіргізстане, гадавіну якіх мы будзем адзначаць на гэтым тыдні, былі паўстаньнем азлобленых бедных людзей. Я сказаў, што казахстанскае жыхарства выбірае стабільнасьць. Нельга параўноўваць сярэдняга казахстанца зь сярэднім кіргізстанцам ці ўзбэкістанцам. Велізарная колькасьць нелегальных імігрантаў з Таджыкістану, Кіргізстану, Узбэкістану бягуць ня толькі ў Расею, яны бягуць і ў Казахстан. У Назарбаева ёсьць свае плюсы. Ён першы з постсавецкіх прэзыдэнтаў атачыў сябе заходнімі эканамічнымі дарадцамі. Ён быў першы, хто пачаў накіроўваць элітную моладзь сваёй краіны за дзяржаўны кошт вучыцца ў Гарварды і Оксфарды. Тыя, хто зь іх вярнуўся, працуюць на Казахстан. І на Назарбаева. Яны яму гэтага не забываюць.
Казахстанскае жыхарства выбірае стабільнасьць. Нельга параўноўваць сярэдняга казахстанца зь сярэднім кіргізстанцам ці ўзбэкістанцам...


Казахстан быў першай краінай у СНД, дзе больш-менш пачала працаваць банкаўская сыстэма і дзе бабулі ў аддаленых аулах пачалі атрымліваць пэнсіі, выкарыстоўваючы дэбэтныя карткі.

Немагчыма параўнаць жыцьцё сярэдняга тунісца ці эгіпцяніна і казахстанца. Казахстанскі абывацель жыве ў сярэднім на парадак лепш, чым жыў жыхар Казахстану напярэдадні распаду СССР.

Дракахруст: Вы параўналі казахстанца з эгіпцянінам. А зь беларусам?

Шарыпжанаў: Назарбаеў параўноўвае сябе з паўднёвымі суседзямі, і яму гэта зручна. А Беларусь мяжуе з Эўразьвязам.

Сярэдні заробак у Казахстане значна вышэйшы, чым у суседніх краінах, і жыхары суседніх рэспублік імкнуцца ў гэтае эльдарада працаваць на любых умовах, а ў пэрспэктыве атрымаць грамадзянства. І Назарбаеў гуляе на гэтым: трагічныя падзеі ў Кіргізстане, сутычкі з узбэкамі, антыбакіеўскія выступы былі прадстаўленыя як нестабільнасьць, не патрэбная Казахстану.
Лукашэнка ня мае магчымасьці весьці тую гульню з Захадам, якую вядзе Назарбаеў...


Лукашэнка ня мае магчымасьці весьці тую гульню з Захадам, якую вядзе Назарбаеў. Пры тым, што Назарбаеў унутры краіны робіць прыкладна тое самае, што і Лукашэнка, але Назарбаеў цалкам задавальняе Захад.

Задавальняе значна больш, чым сусед Карымаў, які гуляе груба, кідаецца ў крайнасьці: то ідзе ў абдымкі Крамля, то зноў зьвяртаецца да Захаду. Назарбаеў па-майстэрску балянсуе паміж полюсамі ўплыву, ён працягвае палітыку Абылай-хана, які ў XIX стагодзьдзі прысягнуў на вернасьць адначасна кітайскаму багдыхану і расейскаму імпэратару.

Дракахруст: Назіральнікі АБСЭ прызналі не адпаведнымі дэмакратычным стандартам прэзыдэнцкія выбары і ў Беларусі, і ў Казахстане. У Казахстане, праўда, не было масавых акцыяў пратэсту і хвалі рэпрэсіяў пасьля іх, але, паводле вас, Мэрхат, там ужо няма каму пратэставаць. Адносна Беларусі ўводзяць санкцыі. А ці будуць яны адносна Казахстану?

Богдан: Я заўсёды пісаў, што Лукашэнка хоча быць эўрапейскім Назарбаевым. Стаўленьне аб’яднанай Эўропы да Менску і Астаны адрозьніваецца ня толькі цяпер, можна прыгадаць і мінулыя выбары, і ранейшыя выбары. Тым ня менш Казахстан абіраўся старшынём АБСЭ, у той час як аб’яднаная Эўропа заўжды канфліктавала з афіцыйным Менскам.

Казахастан успрымаецца Эўропай як краіна на мяжы Эўропы, а не як частка Эўропы, нават не як краіна, якая патэнцыйна магла б быць часткай Эўропы. А што патрэбна ад краіны на мяжы? Каб там не было сацыяльных праблемаў, каб там не было нестабільнасьці, каб тым не было ўзброеных канфліктаў, усё астатняе – другаснае.
Што патрэбна ад краіны на мяжы? Каб там не было сацыяльных праблемаў, каб там не было нестабільнасьці...


Беларусь патэнцыйна ўсё ж такі частка Эўропы, гэта краіна, якая ўжо напалову ахопленая аб'яднанай Эўропай. Тут пытаньне стаіць іншае.

Лукашэнку якраз хацелася б быць палітычна на мяжы.

Так што марна чакаць, што Захад будзе жорстка рэагаваць на тое, што адбываецца ў Казахстане. Гэта ж яшчэ ня самы горшы варыянт – тое, што адбывалася ва Ўзбэкістане, было нашмат горш.

Шарыпжанаў: Калі мы кажам пра адносіны Захаду да Казахстану ці любой іншай сярэднеазіяцкай краіны, то разьвіцьцё дэмакратыі і дэмакратычных інстытутаў у гэтых адносінах – на другім пляне. На першым пляне – энэргарэсурсы і геапалітыка, балянсаваньне паміж рознымі геапалітычнымі цэнтрамі. Назарбаеў умее балянсаваць паміж Кітаем, Расеяй, мусульманскім сьветам і Захадам. Некалькі гадоў таму дадаўся яшчэ адзін момант – гэта барацьба з тэрарызмам. Апэрацыя НАТО і ЗША ў Аўганістане патрабуе заігрываньня з дыктатарамі ў Цэнтральнай Азіі, Паўночнаатлянтычнаму альянсу і Злучаным Штатам патрэбна паветраная прастора для паставак у Аўганістан, ім патрэбная чыгунка: па чыгунцы Казахстану, Туркмэністану і Ўзбэкістану штодзень ідуць грузы, пачынаючы ад пітной вады для салдатаў НАТО і канчаючы ўсім астатнім.

У Беларусі, на жаль ці на шчасьце, нафты няма. І гэта Эўропа. Таму зь ёй гавораць іншай мовай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG