Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ угледзеў у дзейнасьці актывісткі БХД пагрозу нацыянальным інтарэсам


Тацяна Шамбалава

Тацяна Шамбалава

Дзейнасьць магілёўскай актывісткі стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Тацяны Шамбавалай можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэтак сёньня ў Ленінскім судзе Магілёва аргумэнтавалі супрацоўнікі КДБ неабходнасьць вынесьці ён афіцыйнае папярэджаньне і паставіць на ўлік. Ці задаволіць суд скаргу Тацяны Шамбалавай, стане вядома 5 красавіка.

Тацяну Шамбавалу паставілі на ўлік і вынесьлі папярэджаньне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі — партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

Свае прэтэнзіі Тацяна Шамбалава выклалала ў скарзе, якую 4 красавіка пачаў разглядаць Ленінскі суд. Скаржніца лічыць дзеяньні КДБ неабгрунтаванымі й незаконнымі.

Актывістка таксама намагаецца, каб перад ёй выбачыліся кіраўнік абласной управы КДБ Ігар Сяргеенка і супрацоўнік КДБ Андрэй Махуноў.

Шамбалава: «Абсалютна ўсё надумана. Нават, калі я ўдзельнічала ў санкцыянаваным мерапрыемстве „Плошча“, то я ня бачу пагрозы, што ў будучыні я магу нейкія масавыя беспарадкі ўчыніць асабіста, нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы нашай краіны. Яны хацелі паспрабаваць напалохаць, каб я была менш актыўная ў грамадзка-палітычным жыцьці».
Яны хацелі паспрабаваць напалохаць, каб я была менш актыўная ў грамадзка-палітычным жыцьці.

Аргумэнты таго, што дзейнасьць Шамбалавай можа нанесьці шкоду бясьпецы і інтарэсам дзяржавы, агучыў прадстаўнік абласной управы КДБ Валеры Арцыкаў. Тое ж паўтарыў ягоны калега Андрэй Махуноў. Як высьветлілася на судзе, Махуноў займаўся апэратыўна-вышуковымі дзеяньнямі ў адносінах да Тацяны Шамбалавай.

Судзьдзя Андрэй Юрчанка запытаўся ў спадара Махунова: «Якія канкрэтныя дзеяньні заяўніцы маглі стварыць пагрозу нацыянальнай бясьпекі?»

Махуноў: «У парушэньне дзейнага заканадаўства праводзяцца сходы, але на якіх не вырашаюцца пытаньні рэгістрацыі. Абмяркоўваецца стратэгія партыі, акцыі й гэтак далей».

Прадстаўнік інтарэсаў Тацяны Шамбалавай праваабаронца Барыс Бухель: «Ці ствараюць пагрозу бясьпецы Рэспублікі Беларусь гэтыя акцыі?»

Махуноў: «Мяркую, што так. Падзеі 19 сьнежня паказалі гэта».

Супрацоўнікі КДБ перадалі суду вынікі сваёй апэратыўна-вышуковай дзейнасьці — раздрукоўкі публікацыяў з інтэрнэту, копіі статута й праграмы стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Гэтыя дакумэнты, на думку супрацоўнікаў спэцслужбы, сьведчаць, што Шамбалава дзейнічала ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а ня як актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.

Яшчэ аднін аргумэнтам, якім супрацоўнікі КДБ, даказвалі слушнасьць сваіх дзеяньняў у дачыненьні да Тацяны Шамбалавай, — яна была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG