Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля турмы на Акрэсьціна Івану Шылу спатрэбілася лекаваньне


У турме ў Івана Шылы абвастрыўся дэрматыт.

У турме ў Івана Шылы абвастрыўся дэрматыт.

Актывіст "Маладога фронту" Іван Шыла выйшаў з турмы на Акрэсьціна пасьля 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго затрымалі разам з Рыгорам Астапенем за правядзеньне пікету ў падтрымку сваіх паплечнікаў-маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава.

Рыгор Астапеня быў вызвалены раней, Іван Шыла меў выйсьці а 14:30. Аднак, як паведаміў "Свабодзе" Іван Шыла, яго вызвалілі на паўтары гадзіны раней, адвезьлі ў цэнтар гораду і пакінулі там на адным з трамвайных прыпынкаў.


Адтуль яго забралі бацькі, і разам яны вярнуліся да турмы на Акрэсьціна, дзе яго сустракалі актывісты "Маладога фронту", у тым ліку намесьніца старшыні Наста Палажанка.


Як паведаміў Іван Шыла, разам з бацькамі ён таксама прыехаў у свой родны горад Салігорск, дзе адразу зьвярнуўся ў шпіталь з прычыны пагаршэньня здароўя:

«Толькі што вярнуўся са шпіталю — хацелі шпіталізаваць на тыдзень з прычыны абвастрэньня дэрматыту — гэта тая хвароба, якую я атрымаў у войску і за якую быў камісаваны. Гэткім чынам і ў турме на Акрэсьціна лекары мусілі прыпыніць адбываньне майго адміністрацыйнага арышту і адправіць на лячэньне, але гэтага зроблена не было. Мне сказалі, што гэтая хвароба не заразная для іншых вязьняў, а люстэрка там не было і я ня мог бачыць, як я выглядаю насамрэч. Гэткім чынам, можна сказаць, што арышт крыху адбіўся на здароўі».

Як паведаміў Іван Шыла, цяпер ён некалькі дзён будзе лекавацца амбуляторна па месцы жыхарства сваіх бацькоў у Салігорску. Маладафронтавец мяркуе, што абвастрэньне хваробы зьвязана з дрэннымі санітарнымі ўмовамі ўтрыманьня вязьняў у турме на Акрэсьціна, якімі ён глыбока шакаваны:

Камэры не праветрываюцца, вопратка не здымаецца, а мыцца можна толькі раз на тыдзень…
«Гэта тое месца, пра якое лепш сто раз пачуць, чым адзін раз пабачыць: кепская якасьць вады, камэры не праветрываюцца, вопратка не здымаецца, а мыцца можна толькі раз на тыдзень, шпацыраў няма — у мяне асацыяцыі зь нейкім сярэднявеччам. Я асабіста буду пісаць скаргі на ўмовы ўтрыманьня, і, на маю думку, для дэмакратычных сілаў гэта павінна стаць адным з пунктаў — умовы ўтрыманьня ў турме на Акрэсьціна. Тым больш, што зараз арышты будуць зьявай зусім ня рэдкай, то скаргі варта пісаць пасьля кожнай адседкі».

Як паведаміў Іван Шыла, пасьля лячэньня ён вернецца ў Польшчу, дзе навучаецца ў адной з ВНУ па праграме Каліноўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG