Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Халіп ня верыць пракуратуры, якая абвергла Алеся Міхалевіча


Бацька журналісткі Ірыны Халіп Уладзімер Халіп пракамэнтаваў вынікі праверкі пракуратурай заяваў Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў КДБ. Яшчэ чатыром актывістам зьмякчылі абвінавачаньне. Зьмітра Дашкевіча трымалі ў камэры на "Валадарцы" разам зь ВІЧ-інфікаванымі. Мікалай Статкевіч у турме пачаў карыстацца акулярамі.

Паводле намесьніка генэральнага пракурора Андрэя Шведа, не пацьвердзіўся ніводзін факт пра катаваньні і зьдзекі над вязьнямі "амэрыканкі", пра якія казаў былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч. 4 красавіка на адмыслова скліканай прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам праверкі заяваў Міхалевіча, спадар Швед сказаў, што ў СІЗА КДБ не ўжываюць супроць вязьняў ані "расьцяжак", ані стаяньня голымі на холадзе, ня сьвецяць ім ноччу ў вочы і ня труцяць сьвежай фарбай. Адзінае, што сапраўды адбываецца — вязьням падчас асабістага дагляду загадваюць некалькі разоў прысядаць голымі. Гэта — каб праверыць, ці не схаваў чалавек нешта ў заднім праходзе, прызнаў Андрэй Швед. Усё астатняе, паводле намесьніка генпракурора, "заведама ілжывы паклёп" на КДБ. Таму крымінальную справу паводле заяваў Міхалевіча аб катаваньнях пракуратура Беларусі заводзіць ня будзе. Праўда, і супроць Міхалевіча справу за паклёп не завядуць. Бо, паводле закону, яго трэба спачатку папярэдзіць, а гэта немагчыма, бо заяўнік уцёк з краіны і зараз знаходзіцца ў Чэхіі, дзе папрасіў палітычнага прытулку.

Уладзімер Халіп, бацька журналісткі Ірыны Халіп, таксама абвінавачанай у справе 19 сьнежня, кажа, што не паверыў ніводнаму слову намесьніка генпракурора:

Уладзімер Халіп
"Калі КДБ ды ўвогуле гэтая ўлада пачынаюць апраўдвацца, яны вярзуць такія глупствы, што сорамна слухаць. Такія ж довады яны прыводзяць і супроць Міхалевіча. Вядома, можна сумнявацца ў тым ці іншым, як гэта шмат хто робіць у Беларусі. Але, даражэнькія мае, схадзіце хоць аднойчы на плошчу. Паглядзіце, што гэтае зьвяр'ё робіць на плошчы зь людзьмі. Зь не вінаватымі ні ў чым жанчынамі, старымі, падлеткамі, дзяўчаткамі. Дзяўчыне пераламалі ногі. Ня проста выпадкова, а па-садысцку асэнсавана калечылі дзяўчыну на плошчы. Што пасьля гэтага зрабіла ўлада? Яна распачала сьледзтва, яна пакарала садыстаў? Не, яна пачала знаходзіць нейкія апраўданьні. Гэтак жа яны знаходзяць апраўданьні і ў справе Міхалевіча. Яны хлусяць і будуць хлусіць да скону сваіх дзён".

Паводле пракуратуры, падчас праверкі заяваў Міхалевіча былі апытаныя супрацоўнікі КДБ і СІЗА КДБ, а таксама сукамэрнікі Міхалевіча ды іншыя асобы, якіх пракуратура не называе.

4 красавіка для ўдзелу ў допытах у КДБ выклікалі адвакатаў каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі, актывіста штабу Статкевіча Сяргея Марцалева, аднаго са стваральнікаў БХД Паўла Севярынца і журналісткі Ірыны Халіп. Па выніках допытаў стала вядома, што абвінавачаньне ім зьмянілі на мякчэйшае. Цяпер Бандарэнку, Марцалева, Севярынца і Халіп ужо абвінавачваюць не ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў арганізацыі іх, а ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — 3 гады зьняволеньня. Раней былі зьмякчаныя абвінавачаньні Ўладзімеру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Аляксандру Фядуту, Андрэю Дзьмітрыеву, Сяргею Вазьняку, Насьце Палажанцы.

Мікалай Статкевіч у лісьце да жонкі Марыны Адамовіч абверг зьвесткі пра тое, нібыта ён пагадзіўся з доказамі сваёй віны, сабранымі сьледчымі. Пра гэта раней заявілі сьледчыя зь менскай міліцыі. Пра здароўе Мікалай Статкевіч паведаміў, што, каб чытаць, пачаў карыстацца акулярамі, безь якіх да арышту абыходзіўся.

Марына Адамовіч распавяла пра ліст, атрыманы з ізалятара на Валадарскага ад лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча, зь якім яна лістуецца. Яшчэ нядаўна таго трымалі ў камэры разам зь ВІЧ-інфікаванымі, паведаміла Марына Адамовіч:

Марына Адамовіч
"Ён пісаў, што знаходзіцца ў камэры, дзе 50 чалавек, таму сьпяць па чарзе. І яшчэ — што там жа трымаюць і ВІЧ-інфікаваных вязьняў. Усе кураць, дыхаць немагчыма. Але, паводле зьвестак, яго адтуль пасьля прысуду перавялі".

Зьміцер Дашкевіч быў пакараны 2 гадамі зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Разам зь ім 4 гады калёніі атрымаў актывіст "Маладога фронту" Эдуард Лобаў. Маладафронтаўцы кажуць, што справу гэтую сфабрыкавалі, каб ізаляваць іх напярэдадні выбараў і на далейшы час.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG