Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КДБ ня ведаюць месцазнаходжаньня рэдактаркі сайту "Хартыя’97" Натальлі Радзінай. У інтэрвію сайту charter97.org яна паведаміла, што знаходзіцца ў лягеры для ўцекачоў, аднак не назвала краіну.

Бацька Натальлі Радзінай спадар Валянцін паведаміў, што за мінулыя выходныя ніякай інфармацыі ад дачкі не было. Ён таксама сказаў, што Натальлю шукаюць супрацоўнікі КДБ, якія чакаюць, што яна можа патэлефанаваць бацькам.
калі яна патэлефануе вам, то мы ўжо спынім яе пошукі тут ...

"Яны мне тэлефанавалі і сказалі: калі яна патэлефануе вам, то мы ўжо спынім яе пошукі тут. Бо яны таксама шукаюць. Тое, што нехта сказаў ці праз інтэрнэт, дзе яна знаходзіцца, — для іх гэта яшчэ не падстава, каб ня весьці яе вышук. А так яны яе шукаюць, як я зразумеў. Пакуль няма ніякага тэлефанаваньня ад яе. Я так зразумеў, што яны думаюць, што яна знаходзіцца ў Беларусі, бо няма інфармацыі. Каб яна недзе зьявілася, каб тэлефон быў і яна сказала, што знаходзіцца там і там. Але ж такога няма. Вядома, мы хвалюемся, бо ўжо пяць дзён як пра яе ні слыху ні дыху. Як насамрэч, мы ня ведаем".

Натальля Радзіна выйшла на сувязь з рэдакцыяй сайту charter97.org. Яна паведаміла, што знаходзіцца ў лягеры для ўцекачоў. Аднак краіну пакуль не назвала. Таксама журналістка не раскрыла падрабязнасьці сваіх уцёкаў ад КДБ, каб не нашкодзіць тым, хто ёй дапамагаў. Яна сказала, што рашэньне выехаць з краіны не было спантанным. Прайшоўшы неабходныя фармальнасьці і атрымаўшы дакумэнты, яна зможа пагутарыць з прэсай.

На пытаньні, дзе ўсё ж такі знаходзіцца Натальля Радзіна, як зь ёй можна зьвязацца і ці насамрэч яна ў Лёндане, як паведамлялася раней, кіраўнік "Свабоднага тэатру" Мікалай Халезін паведаміў праз сайт "Facebook":

Мікалай Халезін
"Пакуль ніякай інфармацыі даць не магу. Усё будзе гаварыць яна сама, калі зможа. Пакуль доступ да яе абмежаваны".

У КДБ захоўваюць маўчаньне наконт уцёкаў Натальлі Радзінай. Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч сказаў:

"Па гэтай сытуацыі камэнтароў пакуль не даём".

Паводле прэсавага сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандра Цішчанкі, у памежнікаў няма інфармацыі, што Натальля Радзіна перасякала мяжу, ва ўсякім разе — па пашпарце з прозьвішчам "Радзіна":
Я ня ведаю такіх выпадкаў, каб у чалавека былі два пашпарты ...

"Нашага памежнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы не існуе. Міхалевіч выехаў праз расейскую мяжу. Я не выключаю, што такая ж карціна і з Радзінай. Іншае пытаньне — па дакумэнтах. У мяне таксама па Міхалевічу ўзьнікае пытаньне: не маглі яму пакінуць два пашпарты. Хутчэй за ўсё, гэты пашпарт ён заяўляў як зьніклы. Я ня ведаю такіх выпадкаў, каб у чалавека былі два пашпарты. Хутчэй за ўсё, і ў Радзінай быў пашпарт, які лічыўся згубленым ці скрадзеным. Па нашых сыстэмах кантролю на мяжы з такім пашпартам мяжу не перасячэш. Аднак гэта ўсё дапушчэньні, няхай Натальля зробіць нейкую заяву. Выехаць празь мяжу з Эўразьвязам і Ўкраінай яна не магла, калі ў яе былі абмежаваньні".



Натальлю Радзіну, якую ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а потым пад падпіскай аб нявыезьдзе ў Кобрыне, абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і ў іх арганізацыі. На 31 сакавіка Радзіну выклікалі на допыт у КДБ у Менск. Напярэдадні журналістка не выключала, што ёй могуць выставіць канчатковае абвінавачаньне. Аднак на допыт яна не зьявілася. Сайт "Хартыя’97" паведаміў, што Натальля знаходзіцца за межамі краіны. Натальля Радзіна стала другой уцякачкай за мяжу зь ліку тых, хто праходзіць па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. 13 сакавіка зь Беларусі ўцёк экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч. За некалькі дзён да ўцёкаў палітык распавёў журналістам пра катаваньні, якія ўжывалі адносна яго ды іншых вязьняў у СІЗА КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG