Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч пракамэнтаваў фільм, зьняты пра яго ў СІЗА КДБ і паказаны ў панядзелак падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Генэральнай пракуратуры.

Радыё Свабода
: Алесь, як бы вы маглі пракамэнтаваць відэастужку, якая была сёньня паказаная журналістам у пракуратуры?

Міхалевіч: З упэўненасьцю хачу сказаць, што я заяўляў пра тое, што я гатовы да гэтай стужкі. Я пра гэта казаў і супрацоўнікам КДБ, а пасьля я сказаў пра гэта ў маім блогу, распавёў пра гэта ўсім, што так - мае сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ здымаліся і што зь іх можна нарэзаць нейкі кавалак, нарэзаць нейкі фільм, што ўласна кажучы і было зроблена. Вы бачыце, што ў гэтай стужцы я прыходзіў у рознай вопратцы, бачна, што гэтыя кавалкі намантаваныя з розных сустрэчаў.

Радыё Свабода: Вы ня можаце сказаць хаця б прыблізна, калі былі зробленыя гэтыя запісы?

Міхалевіч: Усе гэтыя запісы былі зробленыя пасьля майго вяртаньня з турмы на Валадарцы і пасьля таго, як быў пік катаваньняў, калі мне выкручвалі рукі і патрабавалі ад мяне прызнаньня, патрабавалі абяцаньня, што я буду выконваць усё, што ад мяне патрабавалі супрацоўнікі КДБ. Адпаведна, калі браць па часе, гэта ўсё адбывалася пасьля 10-11 студзеня, больш чым праз 20 дзён пасьля таго, як я знаходзіўся ў сьледчым ізалятары. У гэтых запісах ёсьць фраза, што "я адмаўляўся сустракацца з вамі без адваката" і што "гэта мая вялікая ласка". Зразумела, што гэтая ласка з майго боку была зробленая пасьля вельмі сур'ёзнага фізычнага ўзьдзеяньня, фізычных катаваньняў.

Радыё Свабода: Тое, што вы кажаце на гэтай стужцы - гэта вам было прадыктавана ці вам толькі задавалі, у якім ключы гаварыць, а вы ўжо самі вызначалі, як?

Міхалевіч: Мне задаваліся пытаньні, і я пачаў проста гуляць з КДБ, каб абгуляць іх па іншых правілах. Менавіта для гэтага былі дэклярацыі маёй ляяльнасьці і г.д. Пра гэтым заўважце - усе мае прапановы выключалі падпісаньне ўсялякіх дамоваў пра супрацоўніцтва. І навошта КДБ усё ж паставіў адзінай умовай падпісаньне дамовы, я ўсё ж не разумею. Яны спрабуюць паказаць, што я супрацоўнічаў сам. Нічога такога не было. Гэта было цалкам пад фізычным узьдзеяньнем, пад узьдзеяньнем пагрозаў, і нічога гэтае відэа не тлумачыць.

Радыё Свабода: Таксама сёньня былі агучаныя вынікі праверкі вашых абвінавачаньняў у катаваньнях. Паводле сп. Швэда, прадстаўніка пракуратуры, вынікі праверкі склалі цэлы том, паводле пракуратуры нічога не пацьвердзілася, вашы словы трактуюцца як ілжывы данос. Што б вы маглі сказаць на гэты конт?

Міхалевіч: Я ўпэўнены, што пасьля таго, як іншыя ўдзельнікі маёй справы - а менавіта Бандарэнка, Саньнікаў, Статкевіч і іншыя - змогуць гаварыць, яны скажуць яшчэ ня тое. Я ўпэўнены, што супраць іх таксама выкарыстоўваліся падобныя мэтады. Я таксама упэўнены, што людзі з маёй камэры, калі апынуцца на свабодзе, пачнуць гаварыць зусім па-іншаму.

Калі ты знаходзісься ў сьледчым ізалятары і пастаянна пад ціскам таго, што галоўнае - выжыць, што доктар ня будзе цябе лячыць і ні ў які шпіталь не адправіць, то зразумела ты ня скажаш ні пра якія катаваньні. Але як толькі ў цябе зьяўляецца магчымасьць распавесьці праўду, ты гэтую магчымасьць выкарыстоўваеш.

Радыё Свабода: Наколькі можна было зразумець, пракуратура адказвала па канкрэтных сюжэтах, па канкрэтных формах катаваньня, пракурор, напрыклад, сказаў: "Дзе вы знойдзеце фарбу, якая 40 хвілін сохне..." Ці дастаткова ўважліва вы паглядзелі іх пярэчаньні? Што вы скажаце пра гэтыя абвяржэньні вашых абвінавачаньняў?

Міхалевіч: Адсутнасьць кайданкоў - гэта ўвогуле сьмешна, бо кайданкі чапляліся кожны раз... Гэта мяне ўвогуле вельмі зьдзіўляе, бо ёсьць дзясяткі сьведкаў таго, як яны выкарыстоўваліся, у тым ліку тыя самыя апэратыўныя супрацоўнікі. Так, у памяшканьні, дзе я размаўляю, я ўжо сяджу без кайданкоў, але да яго мяне прыводзілі вельмі высока падняўшы гэтыя кайданкі за сьпінай.

Што да фарбы - вельмі прыемна, што яны прызналі яе наяўнасьць. Будзем далей разьбірацца і будзем падаваць заяву адносна таго, навошта гэтая фарба зьяўлялася.

Па астатніх абвінавачаньнях - я ўпэўнены, што ёсьць яшчэ сьведкі, якія загавораць і загавораць вельмі хутка.

На жаль, можа быць якраз таму зараз улада будзе баяцца таго, каб дадатковыя людзі атрымлівалі магчымасьць пра гэта гаварыць. Але са свайго боку я зраблю ўсё магчымае, каб іншыя, хто праходзіць па гэтай справе, таксама атрымалі магчымасьць гаварыць з журналістамі і зь міжнароднай супольнасьцю і распавесьці пра ўсе тыя катаваньні, якія адбываліся супраць іх.

Радыё Свабода: Якія крокі вы будзе рабіць у цяперашняй вашай сытуацыі ў адказ на гэтыя крокі пракуратуры? Як гэтая стужка і гэтае заключэньне пракуратуры могуць паўплываць на ваш статус тут у Чэхіі?

Міхалевіч: Я думаю, што ніяк гэта не паўплывае на мой статус на Захадзе. Усе разумеюць, што гэтая стужка ня мае пад сабой ніякай юрыдычнай ці фактычнай сілы, гэта змантаваныя кавалкі. Нічога дзіўнага там не адбылося, нічога кардынальна па маёй справе гэтая стужка не мяняе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG