Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка БХД судзіцца з абласной управай КДБ


Тацяна Шамбалава, архіўнае фота

Тацяна Шамбалава, архіўнае фота

У Ленінскім судзе Магілёва пачаўся разгляд грамадзянскай справы па скарзе актывісткі стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Тацяны Шамбалавай на абласную ўправу КДБ. Нагодай для звароту ў суд стала вынясеньне актывістцы афіцыйнага папярэджаньня ад старшыні ўправы КДБ Ігара Сяргеенкі, а таксама пастаноўка яе на прафіляктычны ўлік Камітэту дзяржбясьпекі.

Пакаралі Шамбалаву камітэтчыкі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды за дзейнасьць у незарэгістраванай арганізацыі — партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя".

Тацяна Шамбалава лічыць дзеяньні КДБ у адносінах да сябе неабгрунтаванымі й незаконнымі.

У сваёй скарзе яна прызнае, што зьяўляецца магілёўскім каардынатарам аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя", і яе дзейнасьць у камітэце не выходзіць за межы закону "Аб палітычных партыях". Яна займаецца толькі падрыхтоўкай да рэгістрацыі партыі — што ня можа быць падставай для пастаноўкі на прафіляктычны ўлік.

Што да афіцыйнага папярэджаньня за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці, то КДБ, як сьцьвярджае Тацяна Шамбалава, ня меў права выносіць яго, бо гэта кампэтэнцыя міліцыі і пракуратуры. Акрамя таго, заяўляе актывістка, яна ня мела раней адміністрацыйных парушэньняў, што давала б падставы для афіцыйнага папярэджаньня.

На працэсе па скарзе Тацяны Шамбалавай старшынюе судзьдзя Ленінскага суду Андрэй Юрчанка.
XS
SM
MD
LG