Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ, як і абяцаў, зьняў фільм пра Міхалевіча


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч
Кіраўніцтва Генэральнай пракуратуры Беларусі на прэс-канфэрэнцыі ў панядзелак у Менску прадэманстравала фільм, зьняты ў СІЗА КДБ пра гатоўнасьць былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Алеся Міхалевіча супрацоўнічаць з КДБ.

Фільм быў зьняты схаванай камэрай. На пытаньне журналістаў, ці быў Міхалевіч апавешчаны пра вядзеньне здымкаў, супрацоўнікі пракуратуры не адказалі.

У прадэманстраваных кадрах Міхалевіч казаў сьледчаму, што ляяльны да ўлады, запэўніваў, што для КДБ ён моцны саюзьнік. "Упэўнены, што ў чымсьці магу быць патэнцыйна карысны. Я гатовы дапамагаць. Я чалавек, які пакуль што нікога ня кідаў і не падманваў. Можаце разьлічваць", — казаў А. Міхалевіч.

Экс-кандыдат прапаноўваў, што "завяжа з палітыкай". "Я магу сваю палітычную дзейнасьць прыпыніць ці спыніць наагул. Што прапануеце... Я магу на каго-небудзь выходзіць і сустракацца. Усё залежыць ад таго, як вам лепш", — сказаў А. Міхалевіч.



Тое, што КДБ здымае пра Міхалевіча фільм, сам палітык паведаміў, яшчэ калі знаходзіўся ў Менску. Пасьля сваіх выкрывальніцкіх заяваў пра катаваньні ў КДБ яго 5 сакавіка выклікалі на допыт, дзе паказалі некаторыя кадры. "Мне сказалі, што гэта толькі невялікая частка таго, што ёсьць, і што з усяго гэтага атрымаецца добры поўнамэтражны фільм", — казаў тады Міхалевіч у інтэрвію "Свабодзе".

Нагадаем, 28 лютага, у панядзелак падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску Алесь Міхалевіч заявіў пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што ён разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў, перад тым як выйсьці з ізалятара на падпіску пра нявыезд. У сярэдзіне сакавіка Міхалевіч зьнік і незўзабаве аб'явіўся ў Чэхіі, дзе 23 сакавіка атрымаў палітычны прытулак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG