Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад панядзелка да пятніцы ў студыі "Свабоды" — героі "чорнага сьпісу", складзенага ўладамі. Музыкі, паэты, празаікі, філёзафы, якія ў Беларусі пазбаўленыя канцэртнай сцэны, доступу да дзяржаўнага тэлебачаньня, радыё, друку, ад наступнага панядзелка — штодня ў ранішнім і начным эфіры "Свабоды". У "чорным сьпісе" ўладаў — 8 імёнаў беларускіх музыкаў і гуртоў: "Ляпіс Трубяцкой", "Палац", "Крама", "N.R.M.", "Neuro Dubel", "Крамбамбуля", "Нака", сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч.


Мала які беларускі гурт можа пахваліцца тым, што заснаваў цэлую музычную плынь. А вось якраз гэтыя фігуранты "Белага сьпісу "Свабоды" запачаткавалі кірунак і самі прыдумалі яму назву — фольк-мадэрн. У 90-х яны зрабілі сапраўдны пераварот у нацыянальнай музыцы, калі падышлі да апрацоўкі фальклёру гэтак жа сьмела, як тое зрабілі "Песьняры" ў 70-х. Менавіта з гэтай каманды потым паўсталі такія праекты, як "Крыві" і "Юр’я", а колькі яшчэ пачалі граць падобную музыку пад іх уплывам, наагул не зьлічыць.

Але ці магчыма цяпер зьдзівіць і зацікавіць слухача пасьля таго, што зрабіў Мулявін з народнымі сьпевамі, і пасьля таго этнавыбуху 90-х? Такое маю пытаньне да госьця праграмы "Белы сьпіс "Свабоды" — лідэра гурту "Палац" Алега Хаменкі.

Хаменка: Тут яшчэ рабіць і не перарабіць. Увогуле мы толькі на пачатку таго, што традыцыйны фальклёр і ўся яго магутная існасьць можа карыстацца ўсімі тымі тэхналёгіямі, што паўсталі ў апошнія 20 год. Тут для экспэрымэнтаў неверагодная прастора.

Карэспандэнт: Але ці сама публіка яшчэ не аб'елася тымі экспэрымэнтамі? Ці адчуваеце інтарэс з боку слухачоў?

Хаменка: Ёсьць публіка, якая гатовая да экспэрымэнтаў, а ёсьць тыя, хто хоча слухаць толькі тое, што ім сказалі слухаць. Экспэрымэнтальная музыка заўсёды рухала культуру наперад. Тое, што спачатку падавалася нейкімі жахлівымі гукамі, па сутнасьці — брудным шумам, потым пераўтваралася ў цікавыя музычныя кірункі, якія ня проста паўплывалі, а пануюць цяпер.

Карэспандэнт: Тады рэзоннае пытаньне да вас. Чаму вы так рэдка радуеце публіку ўласнымі экспэрымэнтамі? Хутка будзе 10 год, як ад "Палаца" няма паўнавартаснага альбома.

Хаменка: У нас кожная песьня ствараецца як экспэрымэнтальная. На пачатку 21-га стагодзьдзя я зразумеў, што проста працуе канвэер. Каго б мы ні ўзялі, нават самы выдатны выканаўца выдае адну нармальную песьню, а да іх дадае яшчэ дзевяць чагосьці, і такім чынам атрымліваецца альбом. Рознай музыкай настолькі зараз забітыя ўсе носьбіты і інтэрнэт-прастора! Усю яе трэба перакопваць, каб знайсьці нешта вартае, бо ніхто з музыкаў ня ставіцца да сваёй новай песьні як да апошняй. Кожная песьня павінна быць думкай. Я адчуваю асабіста, і гэтае маё адчуваньне перадаецца і маім музыкам, і прыхільнікам, што кожная песьня павінна быць дзівам.

Карэспандэнт: Ваша каманда ўнікальная ня толькі тым, пра што я ўжо казаў на пачатку праграмы, але і тым, што вы ніколі не падзялялі імпрэзы на "правільныя" і "няправільныя". "Палац" можна было пабачыць і на "Славянскім базары", і на "Басовішчы", на "Рок-Каранацыі" і на сьвяточнай дзяржаўнай імпрэзе, на "Белсаце" і ОНТ, да нядаўняга часу прынамсі. Няўжо вы проста нікому не адмаўляеце, альбо ўсё нашмат глыбейшае?

Хаменка: Усе падзеі, што адбываюцца ў культурным жыцьці Беларусі, маюць асаблівы ўплыў, яны накіраваныя на пэўную аўдыторыю: "Славянскі базар" глядзяць адны, на "Басовішча" езьдзяць зусім іншыя людзі. Такіх падзей насамрэч ня вельмі шмат, і вельмі важна, каб высілкі, якія робяць людзі культуры, ішлі ў адным кірунку — на карысьць Беларусі. Калі я адчуваю, што на гэта ёсьць скіраванасьць, то пагаджаюся, нават калі прапанова эканамічна нявыгадная.

Карэспандэнт: Вы дзіўным чынам зрэагавалі на зьяўленьне "чорнага" сьпіса і самі адмянілі свае бліжэйшыя канцэрты. Гэта эмацыйнае рашэньне ці тут ёсьць нейкая стратэгія?

Хаменка: Ёсьць. Калі пачалі адмяняць канцэрты, наверсе адмовіліся браць адказнасьць, сказалі, што гэта ня мы. На ўзроўні арганізатараў канцэртаў, дырэктараў клюбаў былі тэлефанаваньні, каб яны канцэрты не праводзілі, бо займеюць праблемы. Паколькі дакумэнтальнага пацьверджаньня забаронаў няма, то з кім мы можам сварыцца і што мы павінны рабіць? Няўжо дырэктар клюба ці канцэртнай залі ў гэтым вінаваты? Навошта нам на іх злавацца і падстаўляць? Мы вырашылі, што канцэрты па квітках пачакаюць свайго часу. Мы зараз граем толькі на прыватныя запрашэньні. І гэта, дарэчы, зручна, пакуль мы ня высьветлім рэальна, хто гэтым кіруе і хто карыстаецца тэлефонным правам і ці разумее гэты чалавек, што пілуе сук, на якім сядзіць. Я думаю, што яны рана ці позна ўсё зразумеюць і ўсё пойдзе ў нармальным рэчышчы. Самае галоўнае тут — не папсаваць адносіны зь людзьмі, якія супрацоўнічаюць і будуць супрацоўнічаць і з намі, і зь іншымі камандамі, бо цяпер гэтае напружаньне ўжо адчуваецца.

Карэспандэнт: Пры канцы размовы вам, Алег, як і кожнаму госьцю "Белага сьпісу "Свабоды", прапаную даць невялічкі анплагд. Прадстаўце песьню, якую зьбіраецеся зайграць зараз у эфіры "Свабоды".

Хаменка: Гэта будзе песьня на словы Анатоля Сыса. У ёй цікавая ідэя: маці, калі сустракала свайго нецьвярозага сына ўначы, то ў хату не пускала, ажно пакуль ён не сустрэне сонца. Вось з гэтай традыцыяй Анатоль сустрэўся і паводле яе стварыў верш, які я потым дапрацаваў, і зьявілася такая песьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG