Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз Камароўкі: праезд у мэтро



З 1 сакавіка 2010 праезд у мэтра падаражэў з 600 да 700 рублёў. З 1 красавіка 2011 году цана праезду была падвышаная да 850 рублёў.

Пытаньне тыдня:


Ці дасягне цана за адну паездку ў мэтро 1000 рублёў да 1 чэрвеня 2011 году?

Адказваюць экспэрты:


Барыс Жаліба, эканаміст:
Я мяркую, што не. Трэба ўлічыць, што раней яе так часта не падвышалі. Я разумею, што цяпер фінансавае становішча Беларусі вельмі кепскае, але мяркую, што не. Бюджэт дае большую частку на ўтрыманьне пасажырскага транспарту, ён гэта раней рабіў, ён і далей гэта будзе рабіць.


Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія":
Не, ў гэтым няма неабходнасьці. Двухкрокавае падвышэньне цэн разварочвае інфляцыю і любы чалавек, які працуе ва ўрадзе, разумее, што калі так часта падвышаць цану на праезд на грамадзкім транспарце, гэта будзе стымуляваць інфляцыю па усіх іншых відах паслуг. Гэта небясьпечна рабіць і таму я мяркую, што на гэта ніхто не рашыцца.
Цяперашняе падвышэньне – да 850 рублёў -- прагназавалася даўно, ўжо квіткі новыя пад гэтую справу выпусьцілі.

Ірына Тачыцкая, экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту:
Да 1 чэрвеня -- ня дасягне. Але да канца лета -- цалкам можа быць.
Год таму сытуацыя была іншай. Цяпер наш урад, у прыватнасьці, віцэ-прэм'ер Румас, кажа, што трэба жыць па сродках. Гэта азначае, што мы будзем больш пільна глядзець на выдаткі бюджэту. Праезд у мэтро датуецца з бюджэту. Калі ўрад будзе рабіць крокі, зьвязаныя з маштабным абмежаваньнем попыту насельніцтва, гэта можна разглядаць як адзін з накірункаў.

Адказвае Камароўка:


Спадарыня: “Магчыма. Трэба, бо што ж? Усё даражэе, усё даражэе – трэба, каб і праезд даражэў. Мы зможам аплаціць”.

Спадар: “Не. Рэч такая, што гэтак рэзка падвышэньні ня робяць – гэта па-першае. Па-другое – гэта доўга робіцца з гледжаньня заканадаўства. Ну і я ведаю, што да канца года падвышэньня дакладна ня будзе. Я цяпер якраз еду па праязныя для прадпрыемства, мы размаўлялі зь Менсктрансам і яны сказалі, што “бацька” даў “дабро” толькі вось на гэта падвышэньне”.

Юначка: “Я думаю, што магчымае. Тут ужо падвышэньне такое: было 600, затым 700, зараз ужо 850. І я лічу, што ня скончыцца тым, што будзе 850”.

Юначка: “Можа быць, канечне, але гэта будзе вельмі цяжка. Паколькі я студэнтка, мэдунівэрсытэту і мы штодня езьдзім у шпіталь -- на лекцыю ў адзін шпіталь, на заняткі – у іншы – то на квіткі штодня будзе выдаткоўвацца тысяч 7-8. Гэта нерэальна, але што мы можам зрабіць? Нічога”.

Юнак: “Канечне магчыма – грошай не хапае ў дзяржаве. А з каго іх браць, як ня з нас?”

Спадарыня: “Я лічу, што так, я магу плаціць і тысячу. Мы з мужам абмяркоўвалі гэтае пытаньне, што нельга ж заўсёды быць датацыйным транспарту. І мы лічым, што трэба было цяпер падымаць да тысячы, каб ён акупляўся. Канечне, як маёй маці пэнсыянэрцы, то гэта накладна. Яна езьдзіць на працу ў бібліятэку і гэта вельмі дорага”.

Спадар: “Да 1 чэрвеня ці магчымае падвышэньне кошту праезду? Не, зразумела, што не. У нас “сацыяльная” дзяржава і ўсё ж існуюць нейкія тармазкі”.

Юначка: “Не, бо паміж падвышэньнем праезду праходзіць, як мінімум паўгоду”.

Спадарыня: “Не, бо вельмі дорага, вельмі цяжка плаціць. Мне вось сёньня прыехаць сюды трэба было трыма транспартамі – назад таксама. Я стаўлюся да гэтага вельмі дрэнна, бо я пэнсыянэрка, а мне трэба плаціць”.

Спадарыня: “Цалкам верагодна. Я думаю, што далей праезд у мэтро будзе падымацца яшчэ вышэй. Бо ў нас кошты растуць не па днях, а па гадзінах. Кіраўніцтву нашай краіны, пэўна, выгадна гэтак падымаць цэны. Заробак нам не павялічваюць, а цэны падвышаюць”.

Ці дасягне цана за адну паездку ў мэтро 1000 рублёў да 1 чэрвеня 2011 году?


Прагноз экспэртаў


Так - 0

Не - 3


Прагноз Камароўкі


Так



Не
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG