Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У магілёўскім «Акрэсьціне» не валодаюць беларускай мовай


Уладзімер Лапцэвіч. Першыя хвіліны на волі.
Уладзімер Лапцэвіч. Першыя хвіліны на волі.
Пасьля сямі сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Уладзімер Лапцэвіч. Ён мае прэтэнзіі і да судзьдзі і да ізалятара часовага ўтрыманьня.

Журналіста затрымалі 25 сакавіка на цэнтральнай вуліцы Магілёва — Ленінскай. Ён зьбіраўся асьвятляць акцыю апазыцыі, прымеркаваную да Дня волі. Двое міліцыянтаў, як сьцьвярджаў на судзе Лапцэвіч, без тлумачэньня загадалі яму прайсьці ў іхні службовы аўтобус. Пасьля таго як ён адмовіўся, яго туды занесьлі на руках.

Трое сутак да суду Ўладзімер Лапцэвіч правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. 28 сакавіка судзьдзя Ленінскага суду Ірына Ланчава прызнала яго вінаватым у парушэньні двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу. Паводле яе выраку, карэспандэнт нецэнзурна выказваўся, размахваў рукамі, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў, а пры затрыманьні аказаў супраціў.

Зьняволеньне Ўладзімер Лапцэвіч зьвязвае са сваёй журналісцкай дзейнасьцю.

«Затрымліваць мяне не было ніякай патрэбы. Я не зьбіраўся ўдзельнічаць у акцыі. Я на ёй быў як журналіст. Калі людзі хочуць узгадаць гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, значыць, яны маюць на тое права. Вельмі зьдзівіў мяне прысуд, які вынесла мне судзьдзя Ланчава. Я дагэтуль пад уражаньнем. Яна, відаць, павінна быць у сьпісе неўязных у цывілізаваныя краіны. Вырак буду абскарджваць. І буду намагацца, каб яе прыцягнулі да адказнасьці. Яна, па сутнасьці, не дала мне карыстацца на судзе беларускай мовай, хоць сама зачытала мне, што я маю права на перакладніка і права атрымліваць інфармацыю на гэтай мове. У ізалятары таксама закон парушаўся. Супрацоўнікі не валодаюць беларускай мовай, але ў рамках закону „Аб мовах“ яны абавязаныя валодаць дзьвюма мовамі як службоўцы»,— зазначыў адразу па вызваленьні Ўладзімер Лапцэвіч.

25 сакавіка, акрамя Ўладзімера Лапцэвіча, на Ленінскай затрымалі яшчэ восем чалавек. Старшыню абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва судзьдзя Станіслаў Шандаровіч пакараў пяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту паводле тых жа артыкулаў, што і Лапцэвіча. Астатніх затрыманых выпусьцілі, не складаючы пратаколаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG