Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 красавіка 2011 – сьмех скрозь сьлёзы




Сёлета такі год, калі ў дзень сьмеху не да сьмеху, як ніколі. Хаця...хіба скрозь сьлёзы, над абсурдам жыцьця.

Ну вось па парадку. Курс даляра. Ён ёсьць. Афіцыйны. Дакладней няма. У сэнсе даляраў няма па гэтым курсе. А ёсьць той, якога няма. У сэнсе неафіцыйны. Але купіць даляры па ім можна. Але дорага.

Можа той даляр, які афіцыйны, таксама нешта ўтварыў на плошчы? Кажучы мовай пракурораў, далучыўся да «бесчінствуюшчей толпы», ўчыніў масавыя беспарадкі, ўступіў у змову з мэтай скіданьня канстытуцыйнага ладу. Ну пэўна так, з чаго ж у Беларусі нехта некуды зьнікае.

Праўда, з далярам звыклай упэўненасьці няма. Урад ківае на Нацбанк, Нацбанк ківае на Бога, дакладней, на Расею. Вось дасьць яны крэдыт і тады мы ўжо...

Дарэчы, наконт Расеі. Між іншым заўтра ў нас з Расеяй – дзень яднаньня, афіцыйна ўжо 15 гадоў яднаемся, а так – дык колькі сябе памятаем. Дарэчы, калі падпісвалі адпаведную дамову, дык зьбіраліся спачатку 1 красавіка. Потым перанесьлі, маўляў, сьмяяцца людзі будуць. Але ўсё роўна сьмяюцца, бо то ў пысу, і беларусы ў зямлянкі пойдуць, але не скарацца, то пацалункі і беларусы – пад натаўскія танкі, якія на Маскву рвуцца.

Можа лепей так — заманіць танкі у зямлянкі і там пад іх і кінуцца. І далярамі сваімі хай задушацца, ад іх адны беспарадкі, прычым масавыя.

Дарэчы, наконт беспарадкаў. Памянялі ўсё ж абвінавачваньні некаторым. Некаторыя, высьвятляецца, дакладна беспарадзілі, а некаторыя – адно груба парушалі грамадзкі парадак. Плян такі мелі, па меншай меры.

Але ўжо які суд ідзе, але неяк, нібыта клад, не даюцца ў рукі тыя, хто біў міліцыю і ламаў сьвяшчэнныя дзьверы Дома ураду 19 сьнежня.

Так што, скажам, Мікіта Ліхавід, які тых амапаўцаў пальцам не крануў, але на плошчы ўсё ж быў – ён масавыя беспарадкі, а Ўладзімер Някляеў, якога самога зьбілі ў горкі яблык і які нават да той плошчы не дайшоў – ён толькі груба парушаў.

Сьмешна, калі б не было гэтак сумна. 1 красавіка называюць яшчэ днём дурня. Як бы так жыць, каб быць дурнямі толькі адзін дзень на год?
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG