Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шукаючы Радзіну, КДБ правяраў цягнікі і выклікаў на допыты журналістаў


Натальля Радзіна з маці Надзеяй.
Натальля Радзіна з маці Надзеяй.
З 31 сакавіка няма дакладных зьвестак пра тое, дзе знаходзіцца журналістка Натальля Радзіна, якую КДБ выклікаў на допыт у межах справы 19 сьнежня. Пэўныя крыніцы паведамляюць, што журналістка ўжо за межамі Беларусі, але сама Натальля Радзіна гэтага пакуль не пацьвердзіла.

Дзе знаходзіцца рэдактарка сайту «Хартыя’97» Натальля Радзіна? Мабільны тэлефон журналісткі другі дзень не адказвае. Паводле Валянціна Радзіна, бацькі журналісткі, 1 красавіка на іхні хатні тэлефон у Кобрыне пазваніў невядомы чалавек і сказаў, што Натальля ўжо за мяжой:

«Нехта невядомы пазваніў. Прыблізна гэта было каля 10 раніцы. Сказаў, каб не турбаваліся, яна ўжо там. А як гэта атрымалася, невядома. Можа, і з першым красавіка нас разыгрываюць, ня ведаем. А ўчора апоўначы патэлефанавалі з КДБ і сказалі, што яна сышла зь цягніка ў Лунінцы. Мы распавялі, што жонка пасадзіла яе на цягнік „Берасьце — Менск“ і што больш мы нічога ня ведаем. А яны адказалі, што правяралі той вагон, у якім яна ехала, і даведаліся, што яна выйшла ў Лунінцы і не вярнулася».

Маці журналісткі Надзея Радзіна не выключае, што Натальля вырашыла пазьбегнуць лёсу тых, каго ўжо пакаралі за падзеі 19 сьнежня:

Напэўна, паглядзела на гэтыя прысуды і сама спужалася, ці што.
«Напэўна, паглядзела на гэтыя прысуды і сама спужалася, ці што. Ня ведаю».

Надзея Радзіна кажа, што канчаткова паверыць у тое, што яе дачка за мяжой, калі ёй патэлефануе сама Натальля.

Рэдактарку сайту «Хартыя’97» Натальлю Радзіну абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і ў іх арганізацыі. Паводле абвінавачаньня журналістцы пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. На 31 сакавіка Радзіну выклікаў на допыт у КДБ сьледчы. Напярэдадні журналістка не выключала, што ёй выставяць канчатковае абвінавачаньне. Пра свой намер зьехаць з краіны Натальля Радзіна не казала.

31 сакавіка каля паўночы аўстрыйскі журналіст Ёзэф Гафль зьмясьціў на «сьцяне» прыхільнікаў «Свабоднага тэатру» ў «Фэйсбуку» паведамленьне пра тое, што 1 красавіка а 10 гадзіне мясцовага часу (12:00 у Беларусі) Натальля Радзіна выступіць на прэсавай канфэрэнцыі ў гатэлі Hilton Park Lane у Лёндане.

Раніцай 1 красавіка ў аддзеле канфэрэнцыяў гатэлю «Свабодзе» не пацьвердзілі гэтую інфармацыю — прэсавай канфэрэнцыі Радзінай у сьпісе плянаваных на сёньня мерапрыемстваў няма, да таго ж у гатэлі няма памяшканьня пад назваю «Press Lobby». Да часу напісаньня гэтага рэпартажу новых зьвестак пра месца знаходжаньня Натальлі Радзінай не зьявілася.

Каля 10 вечара 31 сакавіка на допыт у КДБ нечакана выклікалі намесьніцу рэдактара «Народнай волі» Марыну Коктыш, якая прызнаная сьведкай у справе аб падзеях 19 сьнежня. Марына Коктыш сказала «Свабодзе» пра характар размовы:

Усе пытаньні падчас допыту тычыліся так ці інакш Натальлі Радзінай.
«Усе пытаньні падчас допыту тычыліся так ці інакш Натальлі Радзінай. Больш сказаць не магу, бо ў КДБ традыцыя — браць падпіску аб неразгалошваньні тайны сьледзтва, а што такое тайна сьледзтва, вырашае толькі сьледчы».

Паводле зьвестак, увечары 31 сакавіка ў КДБ быў дапытаны таксама рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Скурко.

Атрымаць камэнтар КДБ да падзей вакол Натальлі Радзінай не ўдалося, бо тэлефон цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ цягам дня не адказваў. У прэсавай службе пракуратуры Беларусі сказалі, што не атрымлівалі даручэньняў выказвацца адносна сытуацыі з Натальляй Радзінай.

Натальля Радзіна можа стаць другой уцякачкай за мяжу зь ліку тых, каму выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і ў іх арганізацыі. 13 сакавіка стала вядома пра тое, што зь Беларусі ўцёк экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч. За некалькі дзён да ўцёкаў палітык распавёў журналістам пра катаваньні, якія ўжывалі адносна яго ды іншых вязьняў у СІЗА КДБ «амэрыканка». Натальля Радзіна, якую таксама трымалі ў «амэрыканцы» больш за месяц, сказала на гэта, што ў яе ёсьць падставы давяраць словам Алеся Міхалевіча пра катаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG