Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці зьняволенага Класкоўскага просіць аб дапамозе сям'і сына


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Маці арыштаванага пасьля падзей 19 сьнежня Аляксандра Класкоўскага, Людміла Класкоўская, просіць аб дапамозе. Шматдзетная сям'я яе сына можа страціць кватэру.

"Дарагія сябры! – цытуе Людмілу Класкоўскую газэта "Народная воля". – Зьвярнуцца да вас мяне вымусіла вельмі цяжкая сытуацыя, якая склалася вакол майго сына і яго сям'і. Практычна 12 гадоў мой сын і яго дзеці жылі разам са мной у двухпакаёвай кватэры ў Менску. Усяго на маленечкай плошчы ў 46 квадратных мэтраў пражывала 8 чалавек. У мінулым годзе Саша, як шматдзетны бацька, нарэшце атрымаў магчымасьць пабудаваць для сваёй сям'і ўласнае жыльлё. Саша ўжо пасьпеў зрабіць шэраг унёскаў для будаўніцтва кватэры, будаўніцтва хаты ўжо вядзецца. Але ў сувязі з арыштам Сашы, ён ня можа больш зьяўляцца галоўным кватэранаймальнікам (паколькі, знаходзячыся ў СІЗА КДБ, ён фінансава недзеяздольны ...). Гэта значыць, ён, жонка і трое дзетак пазбаўляюцца ў пэрспэктыве свайго ўласнага кута!

На сёньняшні дзень банк патрабуе ад Натальлі, Сашынай жонкі, дваіх паручальнікаў. Тады яшчэ захоўваецца шанец дабудаваць жыльлё, якое Сашына сям'я чакае ўжо так шмат гадоў ... Вельмі прашу вас аб дапамозе! Неабходна ў найкарацейшыя тэрміны знайсьці двух паручальнікаў. Гэта чыста фармальна і не патрабуе якіх-небудзь фінансавых і іншых абавязаньняў. Будучы ў Менску, я сама не аднойчы выступала ў ролі паручальніка для сваіх сяброў. І ніякіх праблем ніхто мне ніколі не ствараў. На гэты момант я і мая дачка Вольга знаходзімся ў Швэцыі і зь юрыдычнага пункту гледжаньня ніяк ня можам выступіць у гэтай ролі.

Мае дарагія сябры! Вельмі прашу вас, дапамажыце! Калі мой Сашанька выйдзе з турмы, у яго павінен быць свой кут, дзе яго сустрэнуць жонка і дзеці. Вельмі прашу адгукнуцца ўсіх неабыякавых людзей, гатовых стаць паручыцелямі.

Тэлефон жонкі Натальлі ў Менску: 029 604 53 09".

Аляксандар Класкоўскі - былы супрацоўнік міліцыі. Пасьля падзеяў 19 сьнежня быў затрыманы ў ноч на 21 сьнежня ў сябе дома і зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Яму прад'яўляецца абвінавачваньне па артыкулу аб масавых беспарадках; таксама яго вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК) і ў самавольным прысваеньні званьня ці ўлады службовай асобы (арт.382 КК). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG