Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактарка сайту "Хартыя'97" Натальля Радзіна выехала зь Беларусі і знаходзіцца па-за дасягальнасьцю беларускага КДБ. Як ставяцца да ўцёкаў Натальлі яе паплечнікі, сябры і знаёмыя?

Праваабаронца Алесь Бяляцкі вітае рашэньне Натальлі Радзінай уцячы за мяжу. Ён мяркуе, што, знаходзячыся за межамі Беларусі, журналістка зможа больш распавесьці пра сваё зьняволеньне ў СІЗА КДБ, пра допыты і "ўвесь гэты цырк, які наладзілі ўлады".

Алесь Бяляцкі
"Працэс палітычна матываваны, ён ня мае пад сабой ніякіх прававых падставаў. І калі прыцягваюць журналістаў за іх прафэсійную дзейнасьць "за вушы" да гэтага працэсу, то вельмі шмат пытаньняў паўстае. Тое, што яна зрабіла гэты крок, гэта правільна. Бо яна абсалютна невінаватая, і няма чаго ёй цягацца па гэтых лукашэнкаўскіх судах. Па-другое, калі б яна была неяк ізаляваная ў выніку судовага працэсу, то ў прафэсійным пляне яна страціла б усё. Бо магчымасьці займацца журналістыкай не было б. Па-трэцяе, умовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах бесчалавечныя, таму мне найперш шкада ўсіх жанчын, якія трапляюць у беларускія турмы. Бо мужчыны яшчэ могуць неяк гэта вытрымаць, а вось для дзяўчат, жанчын — гэта проста катастрофа".

Камэнтуючы гэты ўчынак Натальлі, Уладзімер Халіп, бацька журналісткі Ірыны Халіп, якая абвінавачаная па справе аб масавых беспарадках і знаходзіцца пад хатнім арыштам, сказаў:

Уладзімер Халіп
"Калі ўлада сябе паводзіць непрыстойна, то ўсе ўчынкі, якія робяцца ёй у адказ, правамерныя і законныя. Я разумею — зьнікаць, калі супраць цябе ўлада мае нейкія пытаньні, гэта ня варта. Але калі ўлада чапляецца да ні ў чым не вінаватых людзей і спрабуе зь іх рабіць крымінальнікаў, то толькі такім чынам трэба рэагаваць на яе дзеяньні. Радзіна — малайчынка! Так і трэба. Няхай ёй пашанцуе там, за мяжой, каб яна перачакала гэты час ня надта добры. Я думаю, ён доўгім ня будзе. І яна, я спадзяюся, вельмі хутка вернецца на радзіму і будзе працаваць на яе карысьць. А гэтых, якія яе перасьледуюць, мы забудзем як цяжкі сон".

Фігуранту крымінальнай справы аб масавых беспарадках Сяргею Вазьняку, як і некаторым іншым, зьменена абвінавачаньне. Яму прад'яўлены крымінальны артыкул аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Наконт уцёкаў Радзінай Сяргей Вазьняк сказаў, што нікога не зьбіраецца асуджаць:

Сяргей Вазьняк
"Тым больш, што чалавек пабываў у СІЗА КДБ. Я таксама пабываў і ведаю, што гэта такое, і таму асуджаць нікога не зьбіраюся. Проста я скажу, што я так не зрабіў бы. І паўтару свае словы, якія казаў адносна ўцёкаў Міхалевіча, што такія дзеяньні могуць пагоршыць сытуацыю тых людзей, якія сёньня яшчэ знаходзяцца ў СІЗА, пад сьледзтвам і так далей. Я думаю, што такія дзеяньні могуць пагоршыць сытуацыю для іншых людзей. Я так не зрабіў бы".

Дар'я Корсак, жонка асуджанага на чатыры гады па крымінальнай справе аб масавых беспарадках журналіста Аляксандра Атрошчанкава, добра ведае Натальлю Радзіну:

Дар'я Корсак
"Я за яе вельмі хвалявалася ўчора і вельмі ўзрадавана была сёньня, калі я даведалася, што зь ёй усё добра, што яна зьехала. Цяпер яна можа зрабіць шмат карыснага для Беларусі, для барацьбы з дыктатурай і наагул для вызваленьня нашых родных з турмаў. Яна будзе адстойваць найперш іх інтарэсы. Я рада, што яна магла зьехаць і тым самым паказаць КДБ, што яны ня могуць усё трымаць пад сваім пільным кантролем, гэта вельмі прыемна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG