Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя СМІ Беларусі скарысталі нядаўнія пратэсты ў Лёндане для апраўданьня таго, што адбываецца ў Беларусі пасьля выбараў.

Рэгулярныя арышты апазыцыянэраў і зьбіцьцё дэманстрантаў за апошнія гады сталі звычайнай зьявай у Беларусі. Шмат хто ўжо кепска уяўляе, як праходзяць буйныя палітычныя пратэсты ў дэмакратычных краінах. Падзеі ў Лёндане – добрая нагода, каб пра гэта згадаць.

Дэманстрацыя 26 сакавіка ў Лёндане была арганізавана апазыцыйна настроенымі грамадзкімі дзеячамі і прафсаюзамі. Яны пратэставалі супраць зьмяншэньня дзяржаўных выдаткаў на адукацыю, ахову здароўя і іншыя грамадзкія службы. Кансэрватыўны ўрад вымушаны скарачаць выдаткі, каб зьменшыць дэфіцыт бюджэту, што выклікае незадаволенасьць людзей.

Дэманстрацыя ў цэнтры гораду сабрала каля 350 тысячаў чалавек. Наколькі гэта шмат? У Лёндане і ваколіцах жыве каля 12 мільёнаў чалавек, што амаль у шэсьць разоў больш, чым у Менску. Адпаведна каб такая ж частка людзей выйшла ў Менску, то было б каля 60 тысячаў.

Зразумела, што лёнданскую дэманстрацыю анансавалі літаральна ўсе буйныя СМІ і ніхто не запалохваў людзей.

Гарадзкія ўлады перакрылі рух транспарту на цэнтральных вуліцах і плошчах для дэманстрантаў. Уся падзея праходзіла мірна, але калі пачало цямнець, пачаліся непарадкі. З масы пратэстуючых людзей выдзеліліся групоўкі моладзі, якія білі шыбы і падпальвалі крамы, офісныя будынкі і банкі. Яны нападалі на паліцэйскіх, выкарыстоўваючы палкі, бутэлькі з бэнзінам і лямпачкі, напоўненыя запальнымі рэчывамі. Яны таксама малявалі графіці на будынках і помніках у цэнтры гораду. Напрыклад, на фасадзе шыкоўнага лёнданскага гатэлю "Рыц" яны напісалі "Тоўстыя каты".

У выніку забурэньняў пацярпелі каля 80 чалавек, уключаючы 31 паліцэйскага. Каля 200 чалавек былі затрыманыя па выніках дэманстрацыі. Большасьць з затрыманых складалі тыя, хто прабраўся праз разьбітыя шыбы і акупаваў вялікі ўнівэрмаг у цэнтры Лёндану.



Празь некалькі гадзінаў усіх затрыманых адпусьцілі пад заклад. Зразумела, што затрыманыя маглі карыстацца юрыстамі, і ад іх не было скаргаў на катаваньні ў пастарунках. Тыя, каму выставілі абвінавачаньні, праходзяць па адміністрацыйных справах, дзе ім пагражаюць штрафы. Некаторым прад'яўлены крымінальныя абвінавачаньні ў нападзе на паліцэйскіх і нанясеньні шкоды прыватнай маёмасьці, што, найбольш верагодна, будзе пакарана буйнымі штрафамі.

Ніхто з арганізатараў дэманстрацыі ня быў затрыманы ці пабіты, ня кажучы пра тое, каб быць прызнанымі адказнымі за дзеяньні хуліганаў. Паліцыя і сродкі масавай інфармацыі – як тыя, што сымпатызуюць ураду, так і апазыцыйныя – падкрэсьлівалі, што групы хуліганаў не зьяўляліся пратэстоўцамі, але крымінальнікамі, якія скарысталі момант для хуліганскіх учынкаў.

Мэр Лёндану Барыс Джонсан трапіў пад шквал крытыкі пасьля свайго выказваньня, што лідэры лейбарысцкай партыі былі "моўчкі задаволеныя" непарадкамі. Пры гэтым крытыкавалі Джонсана ня толькі апазыцыя, але і палітыкі з кіроўчай кансэрватыўнай партыі.

Але найбольш крытыкі гучыць у бок паліцыі, якую абвінавачваюць у тым, што яна ня здолела абараніць прыватную маёмасьць. Паліцэйскія чыноўнікі адказваюць, што найбольш важныя будынкі былі надзейна абароненыя, але немагчыма абараніць кожны будынак. Кіраўнік паліцыі абяцае, што будуць зробленыя сур'ёзныя арганізацыйныя вывады, каб падрыхтавацца да магчымых хваляваньняў падчас вясельля прынца Ўільяма, прызначанага на красавік.

Здымкі і відэа зь лёнданскіх пратэстаў можна паглядзець ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG