Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурны дэбют у інтэрнэце можа скончыцца крымінальнай справай


Блогера зь Ліды Яўгена Куцко падазраюць у паклёпе на намесьніка старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэя Худыка. Чыноўнік зьвярнуўся ў суд, бо палічыў, што ў літаратурным творы, галоўны герой якога таксама носіць імя Андрэй Худык, падаюцца скажоныя зьвесткі пра яго.

Летась падчас прэзыдэнцкіх выбараў Яўген Куцко разьмясьціў на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы “В контакте” апавяданьне, якое напісаў пад уражаньнямі ад артыкулу ў раённай газэце.

Хлопца ўразіла тое, як Андрэй Худык, тады старшыня Лідзкага гарвыканкаму, апавядаў на прэсавай канфэрэнцыі пра тое, як праходзіць ягоны працоўны дзень, колькі розных і важных спраў даводзіцца вырашаць. У свой літаратурны твор ён дадаў і прыдуманыя ім мастацкія дэталі, параўнаньні, іншае:

“Я напісаў апавяданьне проста для сябе і вырашыў пакласьці яго “Вконтакте”, каб ён там ляжаў. Але ў мяне не было мэты высьмеяць альбо пакрыўдзіць старшыню гарвыканкаму. Самі разумееце, каб я ставіў такую мэту, то навошта мне было б гэта разьмяшчаць на асабістай старонцы. Звычайна людзі разьмяшчаюць такую інфармацыю на форумах”.

Ад самага пачатку, са слоў Куцко, ён не дапускаў такога разьвіцьця падзеяў - ажно да крымінальнай справы, паколькі тэкст маглі бачыць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі сеткі. Менавіта з гэтай прычыны галоўны герой твору Куцко насіў імя і прозьвішча такое самае, як у старшыні райвыканкаму.

Празь некалькі месяцаў Андрэй Худык стаў намесьнікам старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму, і ў абласной газэце “Гродзенская праўда” зьявіўся артыкул пра тое, як спадар Худык знайшоў у інтэрнэце нібыта “ілжывыя факты” пра сябе.

Яўген Куцко кажа, што пасьля тэлефоннай размовы з спадаром Худыкам размясьціў на сайце прабачэньне, як той і прасіў, але чыноўнік нібыта ня змог яго знайсьці:

“Тады яму занесьлі раздрукоўкі - ня я асабіста, бо ён сказаў да яго не прыходзіць - раздрукоўкі з двух сайтаў, асабіста перадалі яму. Але думаю, што магчыма ён іх не прачытаў, раз падаў заяву ў суд”.

З працы Яўгена Куцко звольнілі на працягу аднаго дня. І цяпер малады чалавек кажа, што, маючы вышэйшую адукацыю, ня можа ўладкавацца ў Лідзе нават грузчыкам.

Калі хлопца прызнаюць вінаватым паводле крымінальнага артыкулу “паклёп, нанесены ў публічным выступе ці ў друкаваным, альбо ў СМІ”, Куцко могуць пакараць штрафам, альбо прысудзіць папраўчыя работы тэрмінам да двух гадоў, альбо абмежаваньне волі да 3 гадоў.

Гарадзенскі правабаронца Раман Юргель схільны лічыць, што для судовай практыкі гэта справа вельмі нетыповая і заблытаная, але вельмі паказальная ў тым сэнсе, што высокі чыноўнік скардзіцца ў суд на тое, што зьмешчана ў інтэрнэце:

“Я думаю, што Андрэю Худыку “прапанавалі” падаць скаргу дзеля таго, каб і іншыя шараговыя грамадзяне не выказвалі нейкіх уласных думак ня толькі ў газэтах, але і на сайтах. Каб людзі баяліся выходзіць у інтэрнэт і камэнтаваць ды крытыкаваць дзейную ўладу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG