Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 красавіка, паводле афіцыйных паведамленьняў, заканчваецца азнаямленьне са справамі "анархістаў", якія датычаць нападаў на будынкі ў 2010 і 2009 гадах.

З канца жніўня мінулага году менская міліцыя разам з КДБ актыўна расьсьледуе справы актывістаў анархісцкага руху, якія, паводле сьледзтва, датычныя да нападаў на амбасаду Расеі ў Менску ды іншых інцыдэнтаў з будынкамі і дзяржаўнымі ўстановамі. Паведамлялася пра зьняволеньне чатырох актывістаў анархісцкага руху. Яны ужо знаёмяцца з матэрыяламі справаў, паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна".

Праваабаронца Аляксандр Ярашэвіч распавёў апошнія зьвесткі пра затрыманых анархістаў:

"Максім Веткін, Аляксандар Францкевіч і Мікалай Дзядок цяпер знаходзяцца ў ізалятары на Валадарскага, а Ігара Аліневіча трымаюць у СІЗА КДБ. Цяпер яны знаёмяцца з матэрыяламі справы. Нехта знаёміцца паасобку ад адвакатаў, нехта разам. Прыкладна 12 красавіка мусіць закончыцца азнаямленьне ў апошняга зь іх, а потым справу будуць перадаваць у пракуратуру, адкуль яна пойдзе ў суд. То бок мяркую, можна чакаць суду напрыканцы красавіка, а магчыма і крыху раней".

Маладзёнам былі выстаўленыя абвінавачаньні адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, сярод якіх самы распаўсюджаны – злоснае хуліганства, а самы сур'ёзны паводле пакараньня – наўмыснае пашкоджаньне альбо зьнішчэньне маёмасьці. За гэта караюць 12 гадамі пазбаўленьня волі.

Акрамя таго, Аляксандру Францкевічу было выстаўленае дадатковае абвінавачаньне – ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. Такія дзеяньні караюцца артыкулам Крымінальнага кодэксу “Кампутарны сабатаж”. Францкевіч – адзіны з арыштаваных, хто часткова прызнае зьдзейсьненае, кажа Аляксандар Ярашэвіч:

"Дакладна ведаю, што Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч не прызнаюць сябе вінаватымі. Толькі Аляксандар Францкевіч прызнаў, што здымаў на камэру тое, як нехта кінуў фаеры ў міліцэйскі пастарунак у Салігорску. А Ігар Аліневіч ў прапагандысцкім фільме БТ "Анархія – наўпроставае дзеяньне" пагаджаецца, што ўдзельнічаў у антымілітарысцкім шэсьці, якое адбылося ў верасьні 2009 году, але ня лічыць гэта злачынстам".

У справе "анархістаў" - некалькі эпізодаў. Сярод іх закідваньне бутэлькамі з гаручай вадкасьцю расейскай амбасады ў Менску, калі быў пашкоджаны аўтамабіль. Пашкоджаньні будынкаў турмы на вуліцы Акрэсьціна, менскага казіно "Шангры-Ла", Палацу прафсаюзаў, філіялу "Беларусьбанку" ды іншыя інцыдэнты.

У часе сьледзва былі арыштаваныя дзясяткі ня толькі актывістаў анархісцкага руху, але таксама актывісты экалягічнага руху - "зялёныя", праціўнікі будаўніцтва атамнай станцыі ды іншыя актывісты. Паводле зьвестак, з большасьці тых, каго затрымлівалі ў верасьні летась, падазрэньні ўжо зьнятыя.

Праваабаронцы адзначаюць, што падчас расьсьледаваньня справаў аб нападах і падпалах, нібыта зробленых анархістамі, было зафіксавана шмат фактаў парушэньня правоў падсьледных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG