Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
31 сакавіка ў малой канцэртнай залі «Менск» прайшоў канцэрт вядомых беларускіх бардаў: Сержука Сокалава-Воюша, Зьмітра Бартосіка і Андрэя Плясанава. На канцэрце адбылася прэзэнтацыя мультымэдыйнага DVD-дыска «100 бардаў Свабоды», які выйшаў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Ня так часта ў Беларусі адбываюцца канцэрты бардаўскай песьні, ды яшчэ ў прыстойных канцэртных залях з добрай акустыкай. Таму канцэрт з удзелам Сокалава-Воюша, Бартосіка і Плясанава, на якім да таго ж былі абяцаныя сюрпрызы, прыцягнуў увагу сапраўдных аматараў жанру.

На пачатку Зьміцер Бартосік прадставіў публіцы клясыку расейскай бардаўскай песьні — творы Булата Акуджавы, Уладзімера, Высоцкага, Аляксандра Вярцінскага, Сяргея Нікіціна ў цудоўных перакладах народнага паэта Рыгора Барадуліна. У Сяргея Сокалава-Воюша, які жыве зараз у ЗША і нячаста наведвае радзіму, паўстала пытаньне:

«Вельмі добра, што ў нас зьявілася шмат перакладаў, вельмі добра, што над гэтым нехта працуе, але заканамерна паўстае пытаньне: дзе нашы паэты, дзе нашы кампазытары, што мы пішам?»



Вядучы канцэрту Зьміцер Бартосік у адказ прадставіў новы мультымэдыйны DVD-дыск «100 бардаў Свабоды». Цягам амаль двух гадоў кожны тыдзень на Радыё Свабода запісваліся барды, — і вядомыя, раскручаныя, і зусім маладыя, пачаткоўцы. З найлепшых іх твораў год таму склалі дыск «50 бардаў Свабоды». І вось выйшла ўжо «100 бардаў Свабоды» — на ім сотня гутарак з бардамі, а таксама паўтысчы песьняў.

Сярод удзельнікаў праекту — Лявон Вольскі, Віктар Шалкевіч, Вальжына Цярэшчанка, Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая, Барыс і Галіна Вайханскія, Андрэй Плясанаў, Аляксандар Памідораў, Андрэй Хадановіч ды іншыя.

Калі прыступаў да гэтага праекту, думаў, што не пратрымаюся і год, але аказалася, што і двух гадоў мала.
Куратар праекту спадар Бартосік: «Усе праграмы, якія прагучалі, усе аўтары, якія бралі ўдзел у перадачы — і песьні, і інтэрв’ю сабраныя на адным дыску. У нас атрымалася такая міні-энцыкляпэдыя беларускай аўтарскай песьні. Дзякуй Богу, што яна няпоўная. Я, калі прыступаў да гэтага праекту, думаў, што не пратрымаюся і год, але аказалася, што і двух гадоў мала: наколькі іх шмат, аўтараў, якія пішуць па-беларуску, якія ня могуць не пісаць. Атрымаўся вельмі цікавы дыск, і сёньня вы яго атрымаеце ў падарунак».

Перайсьці на мікрасайт праекту." rel="ibox" href="http://gdb.rferl.org/E4F5E7AF-253B-4C1D-BBE6-1B801084C3A3_mw800.jpg">
Перайсьці на мікрасайт праекту.
Салістка Белдзяржфілярмоніі Тацяна Матафонава з радасьцю атрымала дыск у падарунак:

«Гэта вельмі важна — такі дыск, які аб’ядноўвае шмат-шмат людзей, каторых мы ня ведаем. І гэты дыск якраз стане дапамогай, каб даведацца, што зараз ёсьць, у якім стане аўтарская песьня. У любым выпадку, гэта ж здорава, што пакуль, можа, мы і ня ведаем пра нейкія цікавыя імёны, але ж набудзем дыск і будзем ведаць».

Настаўнік Юрась Сянкевіч: «Калі толькі пачалася гэта праграма на Радыё Свабода, якую вёў Зьміцер Бартосік, яна мне вельмі імпанавала. Таму што адна справа — вядомыя, знакамітыя барды, але аказалася, што сярод беларускага народа ёсьць вельмі таленавітыя хлопцы і дзяўчаты, якія пішуць цудоўныя, мілагучныя песьні. Я заўсёды слухаў гэту перадачу, хоць не заўсёды і якасьць прыёму добрая была, але мне заўсёды думалася: вось вельмі добра было б гэта ўсё разам сабраць і на адной кружэлцы выдаць. І я вельмі ўсьцешаны, што зьявіўся вось гэты дыск, і я спадзяюся, што сёньня яго буду мець яго ў руках».

Публіка вельмі цёпла вітала і Сержука Сокалава-Воюша, які выканаў свае вядомыя творы і прадставіў новы цыкль — нізку песень пра граблі. На заканчэньне канцэрту выступіў Андрэй Плясанаў. Кожны наведнік атрымаў у падарунак дыск «100 бардаў свабоды», дзе ёсьць кампазыцыі і ўсіх удзельнікаў канцэрту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG